Пятніца, 27 Кастрычнік 2023

Як выглядаюць адрамантаваныя ФАПы ў Докшыцкім раёне?

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Улады Докшыцкага раёна рапартуюць, што фельчарска-акушэрскія пункты і амбулаторыі раёна паступова мяняюць сваё аблічча ў лепшы бок. Але тым не менш яны яшчэ маюць пячное ацяпленне і нагадваюць вясковыя хаты.  Паглядзіце, як яны выглядаюць у абноўленым выглядзе.

Як піша сайт мясцовай раёнкі “Родныя вытокі”, у Докшыцкім раёне на працягу некалькі месяцаў вядзецца актыўнае ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы фельчарска-акушэрскіх пунктаў, як і ва ўсёй Віцебскай вобласці. Гэта робіцца для павышэння эфектыўнасці дзейнасці сістэмы аховы здароўя. У дакуменце, які падпісаў  у пачатку лета Лукашэнка, дадзены канкрэтныя даручэнні аб навядзенні парадку ва ўстановах усіх узроўняў, аказанні якаснай медыцынскай дапамогі насельніцтву, асабліва сельскаму.

Вось і докшыцкія ўлады пачалі нарэшце наводзіць парадак на ФАПах.

Паводле мясцовых уладаў, ва ўсіх 16 ФАПах Докшыччыны праведзены рамонты або ўстаноўлена новае абсталяванне.

Так, у Несцяроўшчынскім пафарбавалі сцены, столь і падлогу, прычым падлогу толькі часткова адрамантавалі і замянілі, праўда адрамантавалі печ і ўстанавілі рукамыйніцу з тумбай. У Тумілавіцкім праведзены такія ж работы па афарбоўцы памяшканняў і рамонце падлогі, пафарбавана печ, адрамантаваны франтон, устаноўлены праточны награвальнік вады. У Станіслаўскім заменены дах, адрамантаваны ганак і печ, будынак афарбаваны і звонку, і знутры, устаноўлены дзве рукамыйніцы. У Сітцаўскім, акрамя фарбавальна-рамонтных работ, дэмантавалі агароджу, правялі ваду ў прыёмны кабінет і ўстанавілі праточны награвальнік. У Прудніцкім пафарбавалі падмурак і адрамантавалі каналізацыйную сістэму.

Работы ў асноўным выкананыя гаспадарчай групай цэнтральнай раённай бальніцы. Дадатковыя сілы былі задзейнічаны толькі на замене даху ў Станіслаўцах - гэта зрабілі работнікі філіяла № 1 РУП ЖКГ "Докшыцы-камунальнік".

На рамонт і закупку неабходных матэрыялаў выкарыстоўваліся сродкі з бюджэту і ЦРБ.

Цяпер яшчэ рамантуюць сельскія лякарні і амбулаторыі. Ужо здадзеная Крулеўшчынская ўчастковая лякарня і Сітцаўская амбулаторыя ўрача агульнай практыкі.

На гэтым тыдні докшыцкія ўлады плануюць завяршыць абнаўленне ўстаноў аховы здароўя ў Ваўкалатах, Бягомлі, Бярозках, Параф’янаве, Порплішчы, Беразіно. Дарэчы, у Ваўкалатах і Бярозках да правядзення рамонту прыцягнулі саміх работнікаў медычных установаў.

Віталь Тараненка