Кіраўнік Браслаўскага раёна на пачатку сустрэчы заклікаў завадчан быць актыўнымі і прапанаваў весці размову ў фармаце дыялогу, бо вельмі актуальнымі былі тэмы для абмеркавання.
Удзельнікі імпрэзы слухалі і даклад начальніцы ўпраўлення райвыканкама па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Галіны Каратковай. Яна расказала пра існуючыя ў Беларусі сацыяльныя гарантыі – ільготы і выплаты, пра аспекты пенсійнага забеспячэння і падтрымкі сем'яў, пра сітуацыі на рынку працы.
Намеснік галоўнага ўрача ЦРБ Святлана Аляксеева засяродзіла ўвагу прысутных на асноўных напрамках дзейнасці раённай установы аховы здароўя. Гэта павышэнне якасці і даступнасці медыцынскай дапамогі. Размова ішла аб кадравым патэнцыяле лякарні, яе тэхнічным аснашчэнні, а таксама бягучых пытаннях кшталту вакцынацыі.
Дырэктар "Браслаў-Камунальніка" Сяргей Кулеш вёў размову аб добраўпарадкаванні горада і сельскіх населеных пунктаў раёна.
Працаўнікі цэха па вытворчасці сыру ў сваю чаргу не былі пасіўнымі слухачамі і актыўна задавалі пытанні, большая частка якіх тычылася сферы ЖКГ. Іх вельмі хвалюе нездавальняючы стан дарог у раёне, праблемы з ацяпленнем і вулічным асвятленнем.
Старшыня Браслаўскага райвыканкама Вячаслаў Грышчанка паабяцаў узяць гэтыя пытанні пад асабісты кантроль. А людзям, як заўжды, застаецца толькі чакаць абяцанага.
Алег Кашын