Чацвер, 21 Верасень 2023

Інтэрнат Віцебскай мытні адкрылі ў Браславе

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Падчас святкавання Дня народнага адзінства на Браслаўшчыне ўрачыста адкрылі сацыяльна важны аб'ект - інтэрнат Віцебскай мытні, піша сайт  braslav-star.by. Цяпер там будуць жыць 25 супрацоўнікаў пункта пропуску "Урбаны".

Як піша сайт мясцовай раёнкі, так склалася, што з уводам у эксплуатацыю пасля маштабнай рэканструкцыі мытнага паста “Урбаны” будынак у Браславе страціў сваё функцыянальнае прызначэнне. Таму ў 2020 годзе Дзяржаўны мытны камітэт прыняў рашэнне аб перапрафіляванні адміністрацыйнага корпуса службы ў інтэрнат. На Браслаўшчыну прыязджалі і прыязджаюць працаваць, хоць і пазменна, мытнікі з розных куткоў Віцебскай вобласці - Оршы, Полацка, Пастаў і г. д. Жыць на два гарады за дзясяткі кіламетраў затратна і маральна, і фізічна. Таму і перабудавалі будынак у інтэрнат.

Тэрмін уводу быў вызначаны, як зазначыў начальнік Віцебскай мытні Сяргей Лінкевіч, у тым ліку з улікам першага выпуску ў 2024 года  спецыялістаў мытнай справы Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта.

“Прыемна, што інтэрнат адкрываецца ў рэгіёне, які, як склалася гістарычна, мяжуе адразу з дзвюма краінамі Еўразвязу, таму запатрабаванасць яго відавочная. Удвая прыемна, што ён дазволіць прыняць новых маладых спецыялістаў, якія здабудуць сваё першае месца працы на Браслаўшчыне, будуць прыходзіць пасля працоўнага дня сюды і адчуваць сябе ўтульна і камфортна. Спадзяюся, неўзабаве тут - у гэтых сценах, на гэтай гульнявой пляцоўцы - будзе чутны дзіцячы смех, і гэта будзе казаць пра тое, што горад жыве, раён развіваецца, краіна квітнее”, - сказаў старшыня райвыканкама Вячаслаў Грышчанка:

З гэтай падзеяй мытнікаў таксама віншавалі намеснік старшыні аблвыканкама Анжаліка Нікіціна і пратаіерэй Міхаіл Каляда.

Руслана Самойлава