Як піша сайт шаркаўшчынскай раённай газеты “Кліч Радзімы”, удзельнікі семінара наведалі вытворчыя аб’екты, якія належаць сельгаспрадпрыемствам «Агратэхсэрвіс», «Княж» і «Ельня-Агра» і прыватнае прадпрыемства «СтройГрадЭкспо» у аграгарадку Германавічы. Тут яны ніякіх беспарадкаў не выявілі.
Паводле старшыні сельсавета Маі Якімовіч, дзякуючы старэйшынам вёсак, жыхарам, работнікам арганізацый вытворчай і сацыяльнай сфер агульнымі намаганнямі ствараецца прыгажосць і ўтульнасць у населеных пунктах: выдаляецца хмызняк, рамантуецца і фарбуецца агароджа, устанаўліваюцца малыя архітэктурныя формы, зносяцца безгаспадарчыя пабудовы.
Але, як заўважылі чыноўнікі, не ўсе арганізацыі па-гаспадарску падыходзяць да дадзенай справы.
На календары сярэдзіна жніўня, а ўздоўж дарог, каля адміністрацыйных будынкаў, жылых пабудоў трэба праводзіць перыядычны пакос травы. З крытычнага боку ацэнена работа ДРБУ-131. Не абкошаны трубапераезд па вуліцы Школьнай у аграгарадку Германавічы, не выдалена кустоўе і не прыведзены ў належны стан тратуар па вуліцы Энгельса ў гэтым жа населеным пункце.
Кепскі выгляд маюць і аўтобусныя прыпынкі, размешчаныя на аўтамабільнай дарозе Шаркаўшчына-Дзісна. Вясной уздоўж гэтай шашы праводзілася выкарчоўка кустоўя, але чамусьці паміж вёскамі Цярэшкі і Мікіцёнкі, каля вёскі Іванава, яно засталося ляжаць у кюветах.
У час мінулага семінара, які прайшоў у Ёдскім сельсавеце, у дзяржаўных крамах было бачна, што існуюць перабоі з наяўнасцю тытунёвых вырабаў. Тая ж самая сітуацыя адбываецца і ў гандлёвых кропках Германавіцкага сельсавета, якія належаць Докшыцкаму філіялу Віцебскага аблспажыўтаварыства. Для пакупнікоў існуе і зусім малы выбар хлеба. Напрыклад, у краме вёскі Зорка ў продажы толькі прадукцыя Пастаўскага хлебазавода. Адваротная сітуацыя ў прыватных крамах.
Любоў Ерына