Падчас семінару ішла размова пра навядзенне парадку на зямлі, стварэнне камфортных умоў для жыцця і працы грамадзян.
На тэрыторыі Ёдскага сельсавета налічваецца 42 населеныя пункты, у якіх пражываюць 1267 чалавек. Найбольшай вёскай з’яўляецца так званы аграгарадок Ёды, у ім жыве 363 жыхары, у аграгарадку Буеўшчына - 166 жыхароў, у вёсцы Сасноўцы - 138 жыхароў, у аграгарадку Шыці - 133 жыхары і ў вёсцы Валожынкі жыве 128 жыхароў.
На пачатку ўдзельнікі семінара зрабілі візуальны агляд могілак у Валожынках і Глісцёнках. Як паведаміў часова выконваючы абавязкі старшыні Ёдскага сельвыканкама Іван Пачкоўскі, усяго на тэрыторыі сельсавета знаходзяцца 16 грамадзянскіх месцаў пахавання. Згодна выдаткаваным фінансавым сродкам праводзіцца іх добраўпарадкаванне, устаноўка агароджы і яе афарбоўка.
У сваю чаргу так званы старшыня раённага Савета дэпутатаў Уладзімір Шпец засяродзіў увагу прысутных на тым, што ў вельмі дрэнным стане знаходзіцца аўтадарога ў напрамку з аграгарадка Буеўшчына да вёскі Лонскія, на ёй мноства ям і выбоін, паабапал растуць хмызнякі і кустоўе, якое на працягу некалькіх год не выдаляецца. У запушчаным стане знаходзяцца аўтобусныя прыпынкі і павільёны на іх.
Прадстаўнік шаркаўшчынскай улады зазначыў, што зусім процілеглы малюнак ствараюць работнікі Браслаўскага ДЭУ-34, на чыім балансе дарога Шаркаўшчына-Браслаў. Кожны аўтобусны прыпынак тут добраўпарадкаваны, пафарбаваны, на большасці з іх ёсць і павільёны для пасажыраў.
Медыцынскія паслугі насельніцтву аграгарадка Шыці і навакольных вёсак аказвае мясцовы ФАП. Будынак медустановы знаходзіцца на балансе ААТ «Буеўшчына», але грашовых сродкаў для правядзення рамонту ў гаспадарцы няма. Таму работы па замене падлогі тут выконваюць спецыялісты гаспадарчай групы Шаркаўшчынскай ЦРБ.
Падводзячы вынікі семінара, Уладзімір Шпец падкрэсліў, што трэба, каб да кожнай справы, да кожнага пытання быў асобны падыход, а кіраўнікам на месцах на ўсё трэба глядзець шырэй і больш уважліва, вырашаць праблемы разам з усімі раённымі службамі.
Па выніках праведзенага семінара кіраўнікам некаторым прадпрыемстваў і арганізацый было ўказана на недапрацоўкі і вызначаныя канкрэтныя тэрміны выпраўлення памылак.
Вольга Раманава