Раней супрацоўнікі МУС перыядычна канстатавалі, што высвятленне асобаў махляроў – вельмі складаная справа, бо тэлефонныя званкі з перакананнямі пералічыць грошы паступаюць з-за мяжы.
Сітуацыя ў асвятленні гэтай праблемы беларускімі дзяржаўнымі медыямі кардынальна змянілася пасля выхаду фільма ОНТ «На посадку» («АТАКА НА БАЗУ ОМОН: кто и зачем совершил теракт в Беларуси»). У ім распавядаецца пра расследаванне СК адносна падзеяў 2021г.: тады нібыта была здзейснена спроба тэракту – нападу на базу АМАПу з дапамогай дрона, які прывезлі ў Беларусь з Украіны. З падачы Следчага камітэта, газеты ўзяліся мусіраваць «украінскую тэму».
У артыкулах пра «махляроў з Украіны, якія перайшлі да новай, тэрарыстычнай тактыкі», што цягам апошняга тыдня выйшлі ў бальшыні дзяржаўных выданняў Віцебшчыны, згадваюцца тры выпадкі. Гэта людзі, якіх нібыта змушалі падпаліць службовую міліцэйскую машыну, машыну дырэктара банка і ваенкамат у Баранавічах. СК сцвярджае, што тэлефанаванні былі з тэрыторыі Украіны, аднак не ўказвае, ці былі махляры грамадзянамі гэтай дзяржавы, на тэрыторыі якой сёння ідзе вайна, і дзе прысутнічаюць расейскія вайскоўцы і наёмнікі.
Тым не менш, віцебскія дзяржСМІ старанна пашыраюць меркаванне, што гэта «украинские злоумышленники, ведомые своими западными кураторами, стремятся таким образом расшатать моральные и политические устои наших белорусов».
Таццяна Віктарава