Панядзелак, 24 Ліпень 2023

На Міёршчыне дэмаграфічны крызіс

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота

Асноўнай тэмай так званага Дня інфармавання, які ладзілі ўлады Мёршчыны ў Язненскім сельсавеце, стала дэмаграфічная бяспека. Падчас сустрэчы з жыхарамі аграгарадка Язна кіраўнік Мёрскага раёна Ігар Кузняцоў агучыў лічбы: на Міёршчыне пражывае каля 18 тысяч чалавек, з іх трэцюю частку складаюць людзі пенсійнага ўзросту. За мінулы год нарадзілася толькі 112 дзяцей, а памерлі ў тры разы больш - 338 чалавек. Насельніцтва старэе, яго колькасць памяншаецца.

Таксама падчас сустрэчы разглядаліся і іншыя праблемныя тэмы. Улады паведамілі людзям, што абавязак грамадзяніна клапаціцца аб захаванні свайго здароўя прапісаны ў Канстытуцыі. Для таго, каб пазбегнуць няшчасных выпадкаў, важна каб яны прытрымліваліся і тэхнікі бяспекі. Летась на Мёршчыне чатыры чалавекі пацярпелі, з іх адзін загінуў. За парушэнне працоўнай дысцыпліны да адказнасці былі прыцягнутыя 29 службовых асоб і іншых работнікаў Мёршчыны.

У параўнанні з мінулым годам, на тэрыторыі раёна, па звестках уладаў, зменшылася колькасць пажараў і загінулых на іх. Лічбы адпаведна 12 і два. Асноўныя прычыны трагедый - неасцярожнае абыходжанне з агнём, парушэнне правілаў эксплуатацыі печаў, цеплагенерыруючых агрэгатаў і прылад, электрасетак і электраабсталявання, свавольства дзяцей з агнём.

З пачатку года на тэрыторыі раёна ліквідавана шэсць узгаранняў травы, два - торфу і адно - леса.

Вяскоўцы ў гутарках з уладамі выказалі таксама і свае набалелыя пытанні. Сярод іх устаноўка ў Язна кантэйнераў для раздзельнага збору адходаў. Таксама яны цікавіліся, куды і якім чынам можна вывозіць буйнагабарытнае і будаўнічае смецце. Узнімаліся таксама праблемы адлову бадзяжных сабак, грэйдаравання дарог, абсталявання месца для купання, асвятлення вуліц. Для язненцаў востра стаіць пытанне ўтрымання прылеглай тэрыторыі паміж дамамі № 1 і № 3 па вуліцы Зорнай. Тут пасля дажджу застаюцца глыбокія лужыны.

А жыхары вёскі Пашніна Язненскага сельсавета наракалі на частыя адключэнні электраэнергіі.

Улады Мёршчыны паабяцалі вырашыць усе гэтыя пытанні, а жыхарам Язненскага сельсавета засталося толькі чакаць абяцанага ды павышаць дэмаграфічны паказчык раёна. Праўда, там ужо жыве няшмат моладзі, бо яна з’язджае ў вялікія гарады ці замежжа.

Іван Гулыга