Пытанні паступаюць розныя, але за кожным зваротам стаяць канкрэтныя людзі. Яны хочуць, каб іх пачулі, каб іхнія праблемы былі вырашаныя. У Палаце прадстаўнікоў гэтаму надаецца вялікая ўвага. Так, за першае паўгоддзе бягучага года ў нас толькі ў сакратарыяце Палаты прадстаўнікоў было разгледжана 412 зваротаў і заяў. Акрамя таго, дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў, працуючы ў акругах, разгледжана 3400 такіх зваротаў і заяў, - сказаў Андрэйчанка.
Прадстаўнік уладаў адзначыў, што ў апошні час заўважана тэндэнцыя да памяншэння колькасці зваротаў грамадзян.
Жыхары Глыбокага падчас сустрэчы з Андрэйчанкам агучвалі пытанні, звязаныя з рамонтам шматкватэрнага жылога дома, адключэння прыватнага дома ад цэнтральнага ацяплення, працай медустановы, выканання заканадаўства ў дачыненні да грамадзян, якім належаць ільготы ды іншыя.
Паводле слоў Уладзіміра Андрэйчанкі, мясцовым уладам важна не толькі праводзіць сустрэчы з грамадзянамі, але і мабілізаваць іх на вырашэнне нейкіх пытанняў.
Як зазначыў чыноўнік, на днях прынялі ў другім чытанні законапраект аб мясцовым кіраванні і самакіраванні і ўнясенні змяненняў у гэты дакумент. У ім прадугледжваецца надзяленне мясцовых уладаў вялікімі магчымасцямі. Ужо і мясцовыя дэпутаты будуць мець памочнікаў, што дасць магчымасць, на думку Андрэйчанкі, больш пытанняў здымаць на месцах так, каб людзі менш хадзілі па высокіх кабінетах.
Сыходзячы з гэтага, людзям будзе яшчэ больш складана вырашаць набалелыя пытанні, бо ўсе скаргі будуць спускацца на месцы і дабіцца праўды будзе амаль немагчыма. А ўлічваючы тое, што кіраўнік краіны некалі сказаў, што ім зараз не да законаў, то тым больш спадзявацца на аб’ектыўны разгляд спраў не выпадае. Ды і людзі ўвогуле перасталі давяраць уладам Беларусі, выпрабаваўшы на сабе ўсе іх механізмы ціску, запалохвання, пераследу, здзекаў і прыніжэння.
Алег Панін