Серада, 15 Красавік 2015

Віцебск застаўся без «ідэалягічнага кіраўніка»

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

У гарвыканкаме адбыліся зьмены, пра якія чыноўнікі чамусьці ня лічаць патрэбным паведамляць жыхарам Віцебску. Зь пераліку намесьнікаў старшыні гарвыканкаму зьнікла прозьвішча Ўладзімера Шломы, які займаўся пытаньнямі адукацыі, спорту, турызму, ідэалёгіі, культуры, справамі моладзі. І запомніўся нэгатыўным стаўленьнем да дэмакратычных актывістаў.

 

Да асобы Ўладзімера Шломы ў жыхароў Віцебску ўвага асаблівая. Напрыклад, ён быў удзельнікам гучных падзеяў вакол звальненьня з працы настаўніцы вышэйшай катэгорыі, маці былога палітвязьня, віцебскай актывісткі Тацьцяны Севярынец. Тады, у 2007 годзе, Уладзімер Шлома працаваў загадчыкам Першамайскага раённага аддзелу адукацыі. Паводле зьвестак сайту «Народныя навіны Віцебска», на працы ў гэтым райаддзеле спадар Шлома аказаўся, нават ня скончыўшы ВНУ. А неўзабаве пасьля звальненьня Тацьцяны Севярынец ён атрымаў падвышэньне – яго перавялі працаваць начальнікам гарадзкога аддзелу адукацыі.

У 2011 годзе Ўладзімер Шлома атрымаў новае прызначэньне – стаў намесьнікам старшыні гарвыканкаму, курыраваў аддзелы адукацыі, спорту і турызму, ідэалягічнай работы, культуры і па справах моладзі, камісію па справах непаўнагадовых, упраўленьне па працы, занятасьці і сацыяльнай абароне.

У гэтай якасьці ён запомніўся многім віцебскім актывістам, бо неаднаразова забараняў правядзеньне масавых акцыяў. З гэтай нагоды мясцовыя прадстаўнікі апазыцыі спрабавалі судзіцца, але ў суд Уладзімер Шлома не зьяўляўся, спасылаючыся на занятасьць. А забароны праводзіць акцыі аргумэнтаваў рашэньнем віцебскага гарвыканкаму, паводле якога заяўнікі мусяць загадзя прадстаўляць органу мясцовай улады дамовы на абслугоўваньне акцыяў. Заключыць такія дамовы ні з мэдыкамі, ні зь міліцыяй аказвалася немагчымым, а зьмяніць гэты пункт рашэньня гарвыканкаму чыноўнікі, і ў прыватнасьці, спадар Шлома, катэгарычна адмаўляліся.

Прасьцей кажучы, спадар Шлома асабіста спрычыніўся да таго, што з 2008 году ў Віцебску не было дазволена ніводнага масавага мерапрыемства з ініцыятывы дэмакратычных актывістаў.

На пасадзе намесьніка старшыні гарвыканкаму Ўладзімер Шлома працягваў публічна канфліктаваць з актывісткай Тацьцянай Севярынец. У прыватнасьці, дазваляў сабе некарэктныя выказваньні падчас абмеркаваньня праблемы будаўніцтва паліклінікі ў віцебскім мікрараёне «Білева», узьнятай каардынатаркай аргкамітэту па стварэньні партыі БХД.

Нейкі час таму ў Віцебску зьявілася інфармацыя, што Ўладзімера Шлому адправілі ў адстаўку. Аднак афіцыйнага пацьверджаньня гэтаму няма – найперш таму, што гарадзкія ўлады чамусьці ня лічаць патрэбным інфармаваць гараджан пра зьмены ў складзе кіраўніцтва гораду. І пра тое, што такія зьмены ёсьць, сьведчыць толькі сайт гарвыканкаму: на ім больш няма згадак пра спадара Шлому ў якасьці намесьніка старшыні, і адсутнасьць фотаздымку чыноўніка можа азначаць толькі тое, што пасада пакуль застаецца незанятай.

Крыніца: Праваабарончы цэнтар "Вясна"