Прыехаўшы, асабліва ўдавацца ў размовы з насельніцтвам Лукашэнка ня стаў, толькі нагадаў пра тое, што Беларусь – мірная краіна, але калі камусьці захочацца гэта спраўдзіць, дык «мы годна яго сустрэнем». Пасьля гэтага з малодшым сынам Мікалаем яны паставілі сьвечкі і ўзялі ўдзел у сьвяточным набажэнстве.
Многія гараджане разьлічвалі, што Лукашэнка, як гэта нярэдка здараецца, адхіліцца ад пракладзенага дарадцамі маршруту і зьверне ўвагу на даўгабуд, які вось ужо некалькі гадоў мазоліць вока аршанцам. Літаральна за пару хвілін язды ад храму – 200-мэтровы мост праз Дняпро, зачынены з-за аварыйнага стану. Ужо гадоў пяць таму мост у літаральным сэнсе пачаў развальвацца на кавалкі, што вымусіла мясцовыя ўлады прызнаць яго небясьпечным. Аднак паказаць Лукашэнку, як ідзе рэканструкцыя, чыноўнікі не адважыліся.
Мост праз Дняпро быў збудаваны акурат паўстагодзьдзя таму, ён зьвязвае спальныя мікрараёны Задняпроўя з прамысловым цэнтрам. Ад таго часу яго толькі аднойчы закрывалі, каб падправіць дарожнае палатно. За прамінулы час канструкцыі струхнелі, некалькі пралётаў парэнчаў проста рухнулі ў раку. Пасьля гэтага адзін бок ходнікаў для пешаходаў закрылі, а неўзабаве прыпынілі і аўтамабільны рух.
Страта важнай транспартнай артэрыі непакоіць найперш працаўнікоў мясцовага ільнокамбінату, якія ў масе сваёй жывуць якраз у задняпроўскіх раёнах. Зьмена на прадпрыемстве пачынаецца а 6-й раніцы, наўпроставага аўтобуснага маршруту няма, і шмат хто сутыкаецца з праблемай, як пасьпець на працу.
Цяпер дарога на іншы бераг стала даўжэйшай кілямэтраў на 10 у адзін бок, на грамадзкім транспарце даводзіцца закладаць дадаткова 30–40 хвілін, а дарога з адрэзаных раёнаў на вакзал, наракае жыхарка вуліцы Флёрава спадарыня Ірына, займае амаль гадзіну:
«Людзі дабіраюцца хто як можа. Прыкладам, як еду на працу я. Даяжджаю да цэнтру, потым маршрутка ці аўтобус вязуць мяне зусім у іншы бок — да ільнокамбінату, з ільнокамбінату зноў вяртаемся ў цэнтар і толькі потым на вакзал. Вось такі мудрагелісты маршрут».
Да «Дажынак» 2008 году ў Воршы адрамантавалі два масты, але яны карацейшыя і не вымагалі надзвычайных укладаньняў. А каштарыс капітальнага рамонту 200-мэтровага моста патрабаваў блізу 400 мільярдаў рублёў у коштах 2013 году, што ў эквіваленце — амаль 40 мільёнаў даляраў. Гэта пры тым, што ўвесь гадавы бюджэт гораду ўдвая меншы. Як кажа жыхар Задняпроўя спадар Максім, спачатку мост меркавалі рамантаваць паэтапна, пакідаючы для руху адну паласу. Аднак скразныя дзіркі і разваленыя парэнчы прымусілі дзейнічаць больш радыкальна:
«Тыя два масты да „Дажынак“ зрабілі даволі хутка. Я маю на ўвазе мост праз Аршыцу каля заводу „Борец“, а таксама мост па Магілёўскай праз Дняпро, дзе мэмарыял „Кацюша“. Але яны адносна невялікія, а гэты мост у нас самы даўгі. На жаль, інфармацыі мінімум, як і што там рухаецца».
Закрываючы аварыйны мост, мясцовае кіраўніцтва абяцала, што аб’ект здадуць праз два гады. Аднак досьвед ранейшых аршанскіх даўгабудаў ставіць такія пляны пад сумнеў. Да згаданых ужо «Дажынак» гараджанам абяцалі галоўны атрыбут сьвята працаўнікоў вёскі – лядовы палац. Зь вялікімі цяжкасьцямі аб’ект здалі толькі празь пяць гадоў, у апошнія дні 2013-га.
Крыніца: Радыё Свабода