Колькасць насельніцтва Мёрскага раёна на 1 студзеня 2023 года складае 17 961 чалавек. У базе не занятых у эканоміцы раёна налічваецца 1 471 чалавек, з іх 196, па дадзеных уладаў, не працуюць доўгі час. Як тлумачаць мёрскія ўлады, гэтыя людзі маюць нізкую кваліфікацыю. У асноўным гэта працаздольныя грамадзяне, якія стаяць на прафілактычным уліку, не жадаюць працаваць альбо іх работа часовая без афіцыйнага афармлення.
У органы па працы і занятасці летась мёрскія ўлады накіравалі 38 грамадзян, якія доўга нідзе не працавалі, для азнаямлення з вакансіямі і далейшага працаўладкавання. З іх 17 скарысталіся прадастаўленай магчымасцю і знайшлі працу. Сёлета лічбы адпаведна склалі 13 і шэсць. Такія вынікі работы камісіі па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва раёна.
Як кажа начальнік ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Вячаслаў Бялько, з кожным непрацоўным работа вядзецца індывідуальна, вывучаецца яго жыццёвая сітуацыя.
Паводле чыноўніка, асабліваую ўвагу яны надаюць плацельшчыкам жыллёва-камунальных паслуг – уласнікам або наймальнікам жылля. На 1 чэрвеня гарачае водазабеспячэнне па асобным тарыфе аплачваюць дзесяць чалавек, цеплазабеспячэнне – 18, газазабеспячэнне – тры.
Сёлета на Мёршчыне прайшло 21 пасяджэнне, дзе разгледзелі дакументы 250 грамадзян. З іх 37 працуюць у краінах Еўразвязу, тры – у Беларусі, шэсць жанчын выхоўваюць дзяцей да сямі гадоў, адна сям’я выхоўвае траіх дзяцей, прызнаны ў цяжкай жыццёвай сітуацыі два чалавекі, трымаюць асабістую падсобную гаспадарку 158, 18 плоцяць адзіны падатак, адзін накіраваны ў лячэбна-працоўны прафілакторый, у 25-ці іншыя абставіны.
Па выніках работы за 2022 год Мёршчына аднесена да тэрыторый з напружанай сітуацыяй на рынку працы. У студзені – красавіку яна пагоршылася: знізіўся да 43,5 % паказчык па ўдзельнай вазе працаўладкаваных грамадзян. Атрымалі работу 10 чалавек з 17-ці.
Улады тлумачаць гэтую праблему тым, што людзі шукаюць вакансіі, якія не патрабуюць наяўнасці адукацыі і кваліфікацыі: вартаўніка, прыбіральшчыка, падсобнага рабочага. Наймальнікі ж наадварот зацікаўлены ў высокакваліфікаваных кадрах. З 242 вакансій на 1 чэрвеня толькі 17 не патрабавалі спецыяльнай адукацыі. Толькі адзін чалавек скарыстаўся магчымасцю атрымаць запатрабаваную на рынку працы прафесію па заказе наймальніка.
Мёрскія ўлады хваляцца тым, што сёлета быццам палепшыўся паказчык суадносін прынятых і звольненых работнікаў. Не дапушчана масавых звальненняў. Знізілася колькасць работнікаў, занятых у рэжыме вымушанай няпоўнай занятасці. Каб зменшыць ці наогул выкараніць такую практыку, наймальнікі шукаюць новых заказчыкаў работ, зніжаюць вытворчыя выдаткі, фінансава аздараўліваюць прадпрыемствы. Але разам з тым скарачэнне рабочага часу і выкарыстанне адміністрацыйных адпачынкаў дазваляюць ім у складаных фінансавых умовах захаваць працоўныя калектывы. Мёрскія ўлады звяртаюць увагу на тое, што сёлета прастояў на цэлы дзень яны не дапусцілі. Значыць такое назіралася на прадпрыемствах і заводах у мінулым годзе.
З пачатку года на Мёршчыне, па звестках уладаў, знізілася на 23,5 % патрэба наймальнікаў у кадрах. Карыстаюцца попытам прадстаўнікі рабочых прафесій – іх звыш паловы. Найбольшую колькасць вакансій заявілі прадпрыемствы сельскай, лясной і рыбнай гаспадаркі. Напрыклад, 18 супрацоўнікаў чакаюць у ААТ “Дрыгучы”, дзесяць – у лясгасе, 27 – у ТАА “Металапракатная кампанія”.
На тэрыторыі Язненскага сельсавета Мёрскага раёна, як расказала старшыня сельвыканкама Валянціна Фядзьковіч, у спісах непрацоўных значыцца 100 чалавек, з іх 54 працуюць у Расеі або не пражываюць па месцы рэгістрацыі, 15 дальнабойшчыкаў, пяцёра жывуць за мяжой. Пасля дэталёвага разбору выявілі, што спіс тых, хто пастаянна пражывае ў сельсавеце і не працуе, скараціўся да дзевяці грамадзян. Многім прычынай для зняцця статусу беспрацоўнага паслужыла наяўнасць зямельнага ўчастка для вядзення асабістай падсобнай гаспадаркі.
Паводле чыноўніцы, прымаюцца ўсе меры для працаўладкавання беспрацоўных. На працягу апошніх пятнаццаці гадоў з імі заключаюць дамовы на аплачваемыя грамадскія работы па добраўпарадкаванні населеных пунктаў.
Асаблівую ўвагу яны надаюць асобам, якія вярнуліся з месцаў пазбаўлення волі і ЛПП. Паводле Валянціны Фядзьковіч, летась чатыры чалавекі пасля лячэбна-працоўных прафілакторыяў атрымалі работу ў КУП “Язна”. Яшчэ двое працаўладкаваліся сёлета, але аднаго з іх ужо звольнілі.
“Хто хоча працаваць – працуе, а той, хто не хоча – шукае апраўданні. Між тым дзяржава роўна, як і ў выпадку з адказнымі супрацоўнікамі, клапоціцца пра навучанне іх дзяцей, лячэнне і ў выніку пра выплату пенсій. Павінна быць аддача”, - падсумавала старшыня Язненскага сельвыканкама Валянціна Фядзьковіч.
Віталіна Мазуркевіч