Чацвер, 29 Чэрвень 2023

Перарэгістравалі Рэспубліканскую партыю працы і справядлівасці, у якую ўваходзіла Эльвіра Мірсалімава

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Праўда, заўзятая віцебская прыхільніца «русского мира» у апошнія гады гэты факт сваёй біяграфіі замоўчвае. У сацыяльных сетках можна сустрэць хіба згадкі пра тое, што яна – прадстаўніца прарасейскага руху «Гражданское согласие». Аднак інтэрнэт памятае ўсё: у тым ліку і тое, што ў 2019 г. Эльвіра Мірсалімава вылучалася ад Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці ў дэпутаты Парламента па Віцебскай-Чыгуначнай акрузе №19. І называла сябе намесніцай старшыні гэтай партыі па моладзевай палітыцы.

Што здарылася потым, пакрыта завесай таямнічасці. Або сяброўства ў партыі было прахадным эпізодам у біяграфіі Мірсалімавай, якой проста закарцела трапіць у Парламент, а пасля няўдачы яна пакінула РППС без відавочнай шкадобы. Або сама партыя пазбавілася ад адыёзнай прапагандатаркі ўз“яднання з Расеяй, штогадовай удзельніцы акцыі «Бессмертный полк», якая афіцыйна ў Беларусі на праводзіцца, і прыхільніцы Сталіна як найвышэйшага палітычнага аўтарытэта.

Зрэшты, у 2020г. РППС выключыла са сваіх шэрагаў нават старшыню Васіля Задняпраднага, які адмовіўся падтрымаць ад імя партыі кандыдатуру Лукашэнкі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, а 10 жніўня выступіў за правядзенне новых выбараў кіраўніка Беларусі.

Пасля «партыйных чыстак» РППС пазіцыянуе сябе як партыя прыхільнікаў дзейнай улады. Яна паспяхова прайшла перарэгістрацыю ў Мінюсце пасля ЛДП і КПБ, а з улікам нядаўна зарэгістраванай «Белай Русі» стала чацвёртай афіцыйна прызнанай партыяй у Беларусі.

Феліцыян Красоўскі