Ужо 5 гадоў, як засталася без вучняў школа у Вялікіх Лётцах – вялікі трхпавярховы будынак, які прапануюць да продажу за 54 233,26 руб. Яшчэ адзін трохпавярховы будынак школы аказаўся непатрэбным у вёсцы Сасноўка. Абедзьве вёскі – немалыя, аднак дзяцей школьнага узросту тут не настолькі шмат, каб мела сэнс утрымліваць школы. Да ўсяго, бацькі вучняў лічаць за лепшае ўладкоўваць дзяцей у віцебскія школы, не спадзеючыся на якасць адукацыі ў вёсцы, дзе ў школах бракуе настаўнікаў.
Не толькі школьныя будынкі выстаўляюць на аукцыёны. Будынак дзіцячага сада – аднапавярховы, агульнай плошчай 588,2 кв.м, 1985 г. пабудовы прапануюць набыць за 74 395,18 руб. Прычым гэта будынак у добрым стане, які выкарыстоўваюцся адносна нядаўна. Аднак цэлы шэраг пабудоў – былых вясковых дзіцячых садкоў – пакупнікам прапануюць за адну базавую велічыню: 37 рублёў – гэта стартавы кошт на аўкцыёне.
Гэтаксама за адну базавую велічыню ў Віцебскім раёне можна набыць будынак кафетэрыя ў в.Янавічы, тры будынкі сельскіх бібліятэк- клубаў, былы Дом сацыяльных паслуг у Суражскім сельсавеце, будынак амбулаторыі ўрача агульнай практыкі ў в.Курына, будынак «Шашлычнай» на трасе Віцебск-Гарадок...
Прычына таго, што дзясяткі будынкаў апусцелі, - дзяржаўнае рэфармаванне сістэмы адукацыі і культуры, калі аб“екты прызнаюцца нерэнтабельнымі ў «моцнай і квітнеючай Беларусі». І гэта зусім не значыць, што ў вёсках больш не патрэбныя школы, дзіцячыя сады або бібліятэкі, што не запатрабаваныя паслугі дамоў культуры або кропкі грамадскага харчавання. «Невыкарыстоўваемая маёмасць» - гэта прыкмета безгаспадарчасці на дзяржаўным узроўні, калі ўлады не могуць гарантаваць дзецям магчымасць ннаведваць школы або дашкольныя ўстановы паблізу ад дому, і калі прыватнае прадпрымальніцтва сутыкаецца з такімі маштабнымі перашкодамі, што ніхто не хоча брацца за стварэнне аб“ектаў грамадскага харчавання ў зачыненым кафетэрыі ці «Шашлычнай».
Апусцелыя будынкі ў Віцебскім раёне па некалькі разоў выстаўляюцца на аўкцыёны, але няма ахвотных набыць іх нават за адну базавую велічыню.
Станіслаў Іваноўскі