У Турцыі Яўген Гуцалаў часта бываў з 2013-га году, а з 2015-га пачаў арганізоўваць там паходы для турыстаў – вадзіў іх па Лікійскай сцежцы. З 2021 году мужчына пасяліўся ў горадзе Махмутлар, тамсама сустрэў уцекачоў ад вайны з Украіны і сваіх суайчыннікаў-беларусаў, якія пераехалі ў пошуках вольнага жыцця. Калі ў Турцыі здарыўся землятрус, працаваў валанцёрам. Увесь гэты час Гуцалаў меў часовы дазвол на жыхарства.
Калі ж час законнага знаходжання ў Турцыі пачаў падыходзіць да канца, у красавіку гэтага году Яўген вырашыў часова пераехаць у Арменію, а потым вярнуцца ў Турцыю, каб ізноў атрымаць часовы дазвол на жыхарства. Аднак у аэрапорце Ерэвана яго затрымалі, патлумачыўшы, што ён знаходзіцца ў вышуку на тэрыторыі Еўразійскага эканамічнага саюзу.
Двое сутак віцяблянін правёў у ізалятары часовага ўтрымання. Параўноўваючы ІЧУ у Арменіі і ў Беларусі (Яўген Гуцалаў не аднойчы трапляў у віцебскі ІЧУ, бо на Радзіме яго арыштоўвалі за несанкцыянаваныя пікетаванні), мужчына адзначае куды больш чалавечнае стаўленне да затрыманых у чужой краіне.
У інтэрв'ю «Радыё Свабода» ён распавёў, што пракуратура Арменіі выдала пастанову яго адпусціць , бо паводле армянскага заканадаўства такія злачынствы, як «знявага дзяржаўных сімвалаў», не караюцца пазбаўленнем волі, як у Беларусі. Дэпартаваць Гуцалава не сталі. Аднак яшчэ больш за месяц ён не мог з“ехаць з Арменіі – аж пакуль не атрымаў паперу ад тамтэйшай Службы нацыянальнай бяспекі, што яго ў аднабаковым парадку здымаюць з вышуку.
Цяпер Яўген Гуцалаў вярнуўся ў Турцыю і зноў займаецца атрыманнем часовага дазволу на жыхарства.
Станіслаў Іваноўскі