Паводле інспекцыі, дзейнасць мастакоў можа здзяйсняцца ў рамках рамеснай дзейнасці з ужываннем падатку на прафесійны прыбытак. Рэалізоўваць вырабленыя прадметы творчасці можна на гандлёвых месцах на рынках, кірмашах і (або) іншых устаноўленых мясцовымі органамі ўлады месцах, у памяшканнях, якія выкарыстоўваюцца для іх вырабу, з прымяненнем рэкламы ў сетцы Інтэрнэт, шляхам перасылкі паштовым адпраўленнем (у тым ліку міжнародным), дастаўкі па ўказаным спажыўцом адрасе, а таксама на падставе грамадзянска-прававых дагавораў з юрыдычнымі асобамі і ІП.
Да 1 ліпеня гэтага года рамеснікам можна выплачваць збор за ажыццяўленне рамеснай дзейнасці, пасля названай даты збор можна выплачваць толькі пры наяўнасці рашэння выканкама (па месцы жыхарства) аб магчымасці яго прымянення. У іншых выпадках - альбо выплата падатку на прафесійны прыбытак, альбо спыненне дзейнасці шляхам падачы паведамлення.
Паслугі арэнды, пракату забаўляльнага і спартыўнага абсталявання можна аказваць фізічным асобам без дзяржаўнай рэгістрацыі ў якасці ІП. Працаваць можна толькі самастойна без прыцягнення наёмных асоб з выплатай адзінага падатку (да пачатку дзейнасці) або з прымяненнем падатку на прафесійны даход (пасля рэгістрацыі ў мабільным дадатку).
А вось здаць металалом цяпер фізічным асобам будзе складана.
Полацкая інспекцыя звяртае ўвагу фізічных асобаў, у якіх назапасіўся металалом, што здаць такія адходы можна толькі юрыдычным асобам, якія маюць ліцэнзію на адпаведную дзейнасць. Самі фізічныя асобы не маюць права ажыццяўляць нарыхтоўку металалому шляхам яго збору і скупкі ў насельніцтва з мэтай яго наступнай рэалізацыі.
Калі фізічныя асобы працягнуць такую дзейнасць, улады іх аштрафуюць. За гэта яны прадугледзелі штраф у памеры ад 20 да 50 базавых велічынь з канфіскацыяй да 100% сумы атрыманага даходу, прыстасаванняў і сродкаў учынення правапарушэння або без канфіскацыі.
Напрыканцы Полацкая інспекцыя па падатках і зборах заклікае беларусаў: Жывіце мудра, працуйце сумленна!
Але да гэтага закліку яны, відаць, забыліся дадаць: і плаціце яшчэ як мага больш падаткаў краіне на ўтрыманне сілавога блоку ды іншых утрыманцаў ад улады.
Руслан Піневіч