Паводле Аляксандра Тронькіна, справаздачу якога апублікавала «раёнка» «Міёрскія навіны», у рэгіёне дзейнічаюць «37 устаноў культуры, дзе створаны сетка гурткоў, калектывы мастацкай самадзейнасці, аматарскія аб’яднанні», у тым ліку «патрыятычнай і гістарычнай накіраванасці». Выхаваннем моладзі, да прыкладу, займаюцца бібліятэкі: тут праводзяць працу «па многіх накірунках: духоўна-маральным, гісторыка-краязнаўчым, грамадзянска-прававым, сацыяльна-, ваенна- і культурна-патрыятычным». Які канкрэтны ўплыў гэтая праца аказвае на маладых людзей, у справаздачы не гаворыцца. Найверагодней, таму, што пазітыўнага выніку ад казенных мерапрыемстваў для «галачкі» чакаць не даводзіцца. Цяжка казаць нават пра такі просты паказнік, як колькасць зацікаўленых наведнікаў падобных мерапрыемстваў: яе рост немагчымы, бо на імпрэзы ў бібліятэкі школьнікаў і студэнтаў водзяць па разнарадцы і па графіку.
Тое самае можна сказаць і пра мерапрыемствы, прымеркаваныя да Году гістарычнай памяці: добраўпарадкаванне брацкіх магіл, мітынгі да Дня перамогі, віншаванні ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Усё гэта - «абязалаўка», якая не можа выклікаць натуральнай зацікаўленасці. Як і цяжка паверыць у тое, што жаданне пайсці служыць у войска абумоўлена ўрачыстымі праводзінамі юнакоў з удзелам раённых чыноўнікаў.
Згодна са справаздачай спадара Тронькіна, мясцовы гісторыка-этнаграфічны музей ператварыўся з турыстычнага аб“екта ва ўстанову для абавязковага наведвання выхаванцамі старэйшых груп дзіцячых садкоў і вучняў школ. Прычым супрацоўнікі музею вымушаны займацца не зборам і экспанаваннем артэфактаў мінуўшчыны, а фарміраваннем выставаў на ідэалагічную патрэбу дня -- у асноўным пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны.
Пасаж пра недастатковае прыцягненне анлайн-тэхналогій ў дзейнасць школы мастацтваў відавочна мусіў стаць той самай «лыжкай дзёгцю ў бочцы мёду»: паводле яшчэ савецкай завядзёнкі, у справаздачы пра значныя поспехі абавязкова мусяць быць згаданы адзін-два дробныя і неістотныя недахопы...
У Чашніках патрыятычнае выхаванне і ўдзел моладзі ў грамадска-палітычным жыцці абмеркавалі днямі на планёрцы райвыканкаму. Кіраўнік мясцовай вертыкалі Аляксандр Быкаў пералічыў шмат ідэалагічных мерапрыемстваў, праведзеных у раёне, прыгадаў «дыялогавыя пляцоўкі» і ўскладанне кветак на мемарыяльных комплексах, удзел у рэспубліканскіх моладзевых праектах і спартовыя спаборніцтвы.
Спасылаючыся на ягоныя словы, раённая газета «Чырвоны прамень» скарысталася яшчэ адным прыёмам, характэрным для рэчаіснасці савецкага «застою» - замоўчваннем «непрыемных» фактаў. Так, пасля пераліку фарматаў дзейнасці, якая сведчыць пра нібыта паспяховае патрыятычнае выхаванне моладзі, «раёнка» ухіляецца ад канстатацыі недахопаў. Маўляў, праблемнымі пытаннямі застаюцца недастатковы ўзровень палітычнай культуры, уцягненне ў грамадскае жыццё сельскай моладзі і шэраг іншых.
Лявон Каляда