Серада, 07 Чэрвень 2023

У Паставах пашкодзілі чырвона-зялёную стужку. І яшчэ там шэраг праблем

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Напярэдадні фестывалю “Звіняць цымбалы і гармонік” у Паставах пашкодзілі чырвона-зялёную стужку, якая абрамляе сцэну ў гарадскім парку. Піша сайт раённай газеты “Пастаўскі край”. Яна была адрамантаваная год таму да мінулага свята “Звіняць цымбалы і гармонік”, якое лічыцца брэндам горада.

Таксама невядомыя на супрацьлеглым баку ракі Мядзелкі ў скверы “афганцаў” вырвалі драўляныя часткі лавак. Да таго ж там і ля берага ракі людзі часта кідаюць смецце міма сметніц. А ў некалькі метрах ад вады часта валяюцца бутэлькі з-пад алкаголю.

Побач, на прыпынку ля крамы “Капеечка”, кожны дзень таксама  збіраецца шкляная тара з бутэлек.

А чаму так адбываецца? Аказваецца, у горадзе не хапае сметніц. На гэта скардзяцца мясцовыя жыхары. Іх няма на аўтобусных прыпынках на вуліцы Кляра, каля школы №1 па вуліцы Юбілейнай, каля “Сяльгастэхнікі” ды і на іншых прыпынках грамадскага транспарту не знойдзеш сметніц. Людзям часам нават няма куды выкінуць паперы, не кажучы ўжо пра бутэлькі, недакуркі ды іншае.

Стан саміх аўтобусных прыпынкаў на вуліцах Паставаў, мякка кажучы, не тое, што нездавальняючы, але нават непрыемны, асабліва на аддаленых ад цэнтра горада вуліцах. Акрамя гор смецця каля іх, яны самі непафарбаваныя, пашкоджаныя і выглядаюць неэстэтычна.

Вось у такім стане знаходзіцца лепшы раённы цэнтр у Віцебскай вобласці, які сёлета занесены нават на дошку гонару Віцебскай вобласці разам з Полацкім і Віцебскімі раёнамі ў сферы сацыяльна-эканамічнага развіцця.

Дарэчы, кіраўніка Пастаўскага раёна, Сяргея Чэпіка, улады не так даўно ўзнагародзілі медалём “За працоўныя заслугі”. Уручаючы медаль кіраўнік Віцебскай вобласці Аляксандр Субоцін тады адзначаў арганізатарскія здольнасці старшыні Пастаўскага райвыканкама, якія быццам дазволілі забяспечыць выкананнне асноўных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця Пастаўскага раёна.

Пра ўсе гэтыя набалелыя праблемы нават піша мясцовы сайт раённай газеты “Пастаўскі край”. Але на такія дробязі, як бачна, улады не звяртаюць увагі.

Алена Якімовіч