Як зазначаюць у ведамстве, у шэрагу выпадкаў гэта звязана з няправільным вызначэннем выканаўцаў: заяўка «гуляе» ад аднаго да другога, а пытанне не вырашаецца. Часам сітуацыя выпраўляецца толькі пасля звароту ў Камітэт.
Напрыклад, у снежні 2021 года жыхарка Гарадка звярнулася ў кантакт-цэнтр па пытанні працякання даху. А дах адрамантавалі толькі ў 2022-м.
У адной з вёсак Талачынскага раёна расчысцілі вуліцы ад снегу, які ўскладняў шлях «хуткай дапамозе», толькі пасля ўмяшальніцтва Камітэта дзяржкантролю.
Як паведамляецца, задаволеныя толькі 55 з 80 зваротаў, што паступілі на «гарачую лінію» па пытаннях своечасовага і якаснага выканання заявак, накіраваных у кантакт-цэнтры. А выкананне 25 перанесена на так званы спрыяльны перыяд і знаходзяцца на кантролі.
Паводле Камітэта дзяржкантролю па Віцебскай вобласці, больш за палову зваротаў паступіла ад жыхароў Віцебска, астатнія – з Браслаўскага, Віцебскага, Глыбоцкага, Гарадоцкага, Лепельскага, Лёзненскага, Аршанскага, Полацкага, Пастаўскага, Шумілінскага раёнаў, з Наваполацка і Новалукомля. Асноўныя праблемы, з якімі звярталіся людзі, – гэта несвоечасовае правядзенне рамонтных работ жылога фонду. Устаноўлена 12 фактаў парушэння санітарных норм: зацяканне даху і падвалаў, якія не ліквідоўвалі на працягу сутак.
Як паведамляюць у ведамстве, з мэтай абароны правоў і інтарэсаў грамадзян Камітэт прапанаваў Віцебскаму аблвыканкаму прыняць меры па арганізацыі належнай работы з прэтэнзіямі і заяўкамі спажыўцоў жыллёва-камунальных паслуг. У тым ліку па наладжванні зваротнай сувязі з грамадзянамі, дакладным вызначэнні выканаўцаў, выключэнні фактаў неабгрунтаванага пераносу тэрмінаў, закрыцці нявыкананых заявак, ліквідацыі выяўленых недахопаў, а таксама прыцягненні вінаватых да адказнасці.
Сяргей Азёрны