Серада, 19 Красавік 2023

У Мёрах стане менш калонак вады

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Пра гэта паведаміў намеснік дырэктара па эксплуатацыі раённых аб’ектаў ВКГ участка водаправодна-каналізацыйнай гаспадаркі Мёрскага раёна Юрый Мяцеліца.

На Мёршчыне па стане на 1 студзеня гэтага года калонак вады было 63. Яны абслугоўваюцца «Наваполацкводаканалам».

Як кажа чыноўнік, згодна з тэхнічнымі нарматыўнымі прававымі актамі Беларусі, радыус дзеяння такой калонкі роўны 100 метрам. З мэтай рэалізацыі падпраграмы 5 «Чыстая вада» Дзяржпраграмы «Камфортнае жыллё і спрыяльны асяродак» на 2021 – 2025 гады», філіял «Наваполацкводаканал» правядзе работу па так званай аптымізацыі водаразборных калонак у населеных пунктах раёна. То-бок простай мовай – зменшыць іх колькасць.

Спачатку, паводле Юрыя Мяцеліцы, пройдзе іх інвентарызацыя, а затым дэмантаж тых, што ўстаноўлены на адлегласці менш за 100 метраў. Пры выбары з некалькіх прааналізуюць тэхнічны стан, а таксама колькасць заключаных дамоваў на водазабеспячэнне спажыўцоў з гэтага аб'екта.

Як зазначае чыноўнік, на кантролі застаецца рацыянальнае выкарыстанне вады. Ён кажа, што людзям важна разумець, што за кошт дэмантажу калонак знізяцца няўлічаныя выдаткі з сістэмы цэнтралізаванага водазабеспячэння, а таксама запэўнівае жыхароў Мёршчыны, што перажываць не варта, бо без вады ніхто не застанецца.

Інга Сташэўская