Па словах намесніка начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Аксаны Ашурка, асаблівая ўвага надаецца рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі, стану і перспектывам развіцця інфармацыйнай прасторы, дзейнасці грамадскіх арганізацый.
Як лічаць мёрскія ідэолагі, мінулы год быў знакавым у гісторыі нашай дзяржавы і кожнага яе грамадзяніна, бо 27 лютага адбыўся рэспубліканскі рэферэндум па пытанні ўнясення змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю. Яны мяркуюць, што заканадаўства было прыведзена ў адпаведнасць і ў сувязі з гэтым давялося скарэктаваць каля 90 законаў. Асноўныя з іх – «Аб Усебеларускім народным сходзе» і «Аб асновах грамадзянскай супольнасці». Таксама скарэктаваны Выбарчы кодэкс, сацыяльную скіраванасць дзяржавы пацвердзілі змяненні ў Працоўны, Жыллёвы, Падатковы і кодэксы аб культуры, зямлі, шлюбе і сям’і, аб адукацыі. Былі змяненні ў законах, якія рэгулююць пытанні дзяржслужбы, сацыяльнай абароны інвалідаў, інфармацыі і інфарматызацыі, дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі, зваротаў грамадзян. Удасканалена заканадаўства аб палітычных партыях, грамадскіх аб’яднаннях, барацьбе з карупцыяй.
Паводле мёрскіх ідэолагаў, для іх стаіць задача – ведаць пра гэта і даводзіць інфармацыю грамадзянам, быццам людзі непісьменныя і не могуць самі разабрацца. І з гэтай мэтай на Мёршчыне створана аж шэсць інфармацыйна-прапагандысцкіх груп райвыканкама, у іх склад уключаны супрацоўнікі розных служб. У арганізацыях раёна дзейнічаюць 26 галіновых груп, пры Дзісненскім гарвыканкаме і сельвыканкамах працуюць 10 тэрытарыяльных, ва ўстановах адукацыі – яшчэ 10.
Як рапартуюць мёрскія ідэолагі, летась яны правялі 1 263 сустрэчы ў працоўных калектывах і па месцы жыхарства. Ад насельніцтва да іх паступіла 459 пытанняў, прапаноў і заўваг. 881 такую сустрэчу правяло кіраўніцтва раёна.
Ва ўстановах адукацыі Мёршчыны дзейнічае інфармацыйна-адукацыйны ідэалагічны праект «Школа актыўнага грамадзяніна». У фармаце дзяржаўна-грамадскай размовы праходзяць так званыя дыялогавыя пляцоўкі. Летась 102 мерапрыемствы ахапілі звыш 4 тысяч чалавек.
Але бачна, што людзей насамрэч хвалюе іншае, не ідэалагічнае, а побытавае. Бо, як кажуць, адной ідэалогіяй сыты не будзеш ды і дабрабыту не займееш.
І гэта вынікае з пытанняў, якія паступаюць падчас сустрэчаў з людзьмі. Як адзначаюць мёрскія ідэолагі, часта яны маюць дачыненне да рамонту дарог, адкрыцця аб’ектаў грамадскага харчавання, магчымасці падвесці электраацяпленне, будаўніцтва станцый абезжалезвання.
Сяргей Азёрны