Выступаючы на прадпрыемстве, якое лічыцца ў абласным цэнтры далёка не самым паспяховым, Вадзім Гігін быў вымушаны прызнаць, што на беларускую эканоміку ў значнай ступені ўплываюць эканамічныя санкцыі. Ен назваў іх «супрацьзаконнымі» і заявіў, што ў іншых варунках эканамічнае развіццё Беларусі было б на куды вышэйшым узроўні. Аднак і цяпер, паводле прапагандыста, няма прычын для хвалявання: маўляў, у краіне робіцца ўсе, каб дасягнуць «апераджальнага росту». Каго тут імкнецца «апярэдзіць» Беларусь, спадар Гігін не канкрэтызаваў. Але паставіў задачу перад прысутнымі, каб яны тлумачылі сваім калегам і падначаленым, што ў Беларусі нарошчваюць аб’емы вытворчасці і шукаюць новыя рынкі збыту, у тым ліку « у краінах дальняй дугі» – гэты геаметрычна-палітычны тэрмін варта разумець як спробы наладзіць стасункі з дзяржавамі, якія знаходзяцца ад Беларусі на вялікай адлегласці, і гандаль з якімі раней не быў у прыярытэце.
Прапагандыст шмат гаварыў і на тэмы грамадскага жыцця. Паводле ягоных словаў, цяпер «практычна нанова фармуецца грамадзянская супольнасць» і «працэс фармавання беларускай мадэлі развіцця завяршаецца». І што простыя людзі ў замежжы (мабыць, у адрозненне ад палітыкаў, якія ініцыявалі эканамічныя санкцыі) лічаць Беларусь сімвалам міру і дабрабыту. Але найбліжэйшыя стасункі ў Беларусі маюць быць з усходняй суседкай – Расейскай Федэрацыяй, і што выключна ў гэтым саюзе «Беларусь захавае сваю самабытнасць і незалежнасць».
Прамовы Старшыні Беларускага таварыства «Веды» былі напоўнены шматслоўнай рыторыкай, у якой гэтая арганізацыя напрактыкавалася яшчэ за савецкімі часамі. Рэспубліканскае дзяржаўна-грамадскае аб'яднанне «Беларускае таварыства »Веды« было створана яшчэ ў 1947 годзе ў межах адзінай у СССР структуры, і займалася галоўным чынам антырэлігійнай прапагандай шляхам чытання лекцый і выдання адпаведнай навукова-папулярнай літаратуры. Пасля распаду СССР таварыства »Веды« было самаліквідаванае практычна ва ўсіх былых саюзных рэспубліках, але ў Беларусі засталося. У верасні мінулага году яго ўзначаліў Вадзім Гігін. А яшчэ праз месяц Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ №439 »Аб развіцці рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага абʼяднання«, якім таварыству прадстаўленыя беспрэцэдэнтныя льготы і магчымасці. Сення таварыства «Веды» па-ранейшаму вядзе «халодную вайну» з «недружалюбным Захадам», але замест абяцанняў немінучай перамогі камунізму распавядае, што ў Беларусі ен ужо практычна наступіў, бо тут квітнее эканоміка, развіваецца сацыяльная сфера, а ўсе мясцовыя жыхары пасля жніўня 2020-га году радасна ўліваюцца ў «новую грамадзянскую супольнасць»
Жанна Жалейка