Ён адзначыў, што летась хлебны каравай склаў 45 тысяч тон, але раней дасягаў і 70 тысяч.
“Такім чынам, зніжаючы паказчыкі, абмяжоўваем сябе ў сродках, якія маглі б патраціць на бягучыя работы і ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы”, - сказаў кіраўнік Мёрскага раёна.
Ён таксама прааналізаваў прычыны памяншэння валавога надою малака і прыбаўленняў у вазе. Самая відавочная, па яго словах, нізкая якасць кармоў. Усяго ў дзвюх гаспадарках - СУП "Цітова" і ПУПКС "Мёрскі" маюць па адной траншэі першакласнага сенажу.
“А ад таго, чым кормім жывёл, напрамую залежыць прыбытак сельгаспрадпрыемства”, - сказаў кіраўнік раёна.
Ігар Кузняцоў адзначыў, што мадэрнізацыю жывёлагадоўчых памяшканняў вядуць толькі тры гаспадаркі: ААТ "Мікалаеўскі", СУП "Чарэсы" і "Цітова".
Старшыня Мёрскага райвыканкама падкрэсліў, што разлічваць трэба толькі на свае сілы.
Падчас мерапрыемства намеснік начальніка РАНС Уладзімір Рачыцкі адзначыў, што з пачатку года ў раёне адбылося пяць пажараў, дзе загінуў адзін чалавек. Іх прычыны - неасцярожнае абыходжанне з агнём, парушэнне правілаў эксплуатацыі печаў і электрапрыбораў. А ў 2022-м на тэрыторыі Новапагосцкага сельсавета зафіксавана шэсць узгаранняў, два чалавекі загінулі.
Таксама ён нагадаў сяльчанам, што не за гарамі масавыя суботнікі. Гаспадары стануць прыбіраць свае прыдамавыя ўчасткі. Ён нагадаў, што выпальванне сухой расліннасці на пні прадугледжвае адміністрацыйную адказнасць ад 10 базавых велічынь. Пры гэтым спальваць смецце можна, але з захаваннем мер засцярогі.
Было зазначана, што з 10 сакавіка ў Мёрскім раёне фіксуецца ўздым захворвання на каранавірусную інфекцыю. Людзей заклікалі праходзіць вакцынацыю. Як запэўніла галоўны лекар РЦГЭ Галіна Федуковіч вакцыны хопіць усім і зрабіць прышчэпку можна ў любой установе аховы здароўя. У наяўнасці, па словах лекаркі, звыш 8,5 тысячы доз.
Падчас так званага Дня інфармавання прысутныя агучылі і свае праблемы. Работнікі Чапукоўскай СШ прасілі падсыпаць і прагрэйдзіраваць участак дарогі Крупкі - Конахі - Пестуны (Міёрскі сельсавет), дзе не заўсёды праходзіць школьны аўтобус.
Таксама яны звярнулі ўвагу, на тое, што ёсць пытанні з забеспячэннем палівам. Жыхары Чапукоў звярнуліся ў Новапагосцкае лясніцтва з просьбай даць дзялянкі для нарыхтоўкі дроў паблізу вёскі. Вывозіць іх здалёк гатовы не ўсе. Многія жыхары вёсак хацелі б падключыць электраацяпленне, але не хапае прапускной здольнасці электраліній і магутнасці трансфарматараў.
У Ноўгарадах цікавіліся магчымасцю нарыхтаваць лазу з прыдарожных канаў на дровы. Улады адказалі, што ДРБУ-203 быццам задавальняе такія просьбы, але галоўнае ўсё зрабіць у рамках заканадаўства.
Ігар Кузняцоў падкрэсліў, што самы галоўны закон - чалавечы, і яго трэба прытрымлівацца і паабяцаў сяльчанам, што ні адна праблема не застанецца без рашэння.
А пакуль людзям застаецца толькі чакаць выканання абяцанняў чыноўніка.
Інга Сташэўская