Нядзеля, 26 Люты 2023

Улады Віцебшчыны пацвердзілі, што адбыўся спад эканамічнага развіцця рэгіёна з-за санкцый

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Інвестыцыйную дзейнасць рэгіёнаў прааналізавалі на пасяджэнні Віцебскага аблвыканкама. Сёлета ў Віцебскай вобласці рэалізуюць толькі сем інвестыцыйных праектаў па праграме "Адзін раён - адзін праект", то-бок толькі ў 7 абласных раёнах з 21.

Іх плануюць завяршыць у Віцебскім, Бешанковіцкім, Глыбоцкім, Гарадоцкім, Пастаўскім і Шумілінскім раёнах і Наваполацку. "Гэта стварэнне вытворчасці араматызатараў у Браслаўскім раёне, у Пастаўскім - мэблевая вытворчасць, у Глыбоцкім - вытворчасць па выпуску алею ды іншыя", - паведаміла старшыня камітэта эканомікі Віцебскага аблвыканкама Вераніка Забалуева.

Сёлета чыноўнікам пастаўленая задача прыцягнуць у эканоміку вобласці не менш за 3,5 мільярда беларускіх рублёў інвестыцый.

Як адзначыла Вераніка Забалуева, у цэлым заданне для вобласці на 2023 год даволі напружанае з улікам адставання рэгіёна ў 2021 і 2022 гадах.

Старшыня камітэта эканомікі аблвыканкама  канстатавала, што толькі палову са 120 запланаваных інвестыцыйных праектаў удалося рэалізаваць у мінулым годзе. Вось такі аказаўся вынік працы эканомікі краю ва ўмовах абмежавальных мер і санкцый. Былі прыпыненыя шэраг значных праектаў у вобласці. Так, толькі ў дрэваапрацоўцы з гэтых прычын недабралі 140 мільёнаў рублёў інвестыцый. Не былі рэалізаваны праекты ў энергетыцы, пад якія прадугледжваліся замежныя крэдытныя лініі, па многіх сарваліся тэрміны пастаўкі абсталявання.

Але Вераніка Забалуева ўсё ж лічыць, што для выканання пастаўленых задач у раёнаў і прадпрыемстваў дастаткова рэзерваў. Сярод іх яна называе льготныя крэдыты Банка развіцця і банкаў-партнёраў, гадавая стаўка па якіх складае менш за 8%.

"Сёння ў рэгіёнах ёсць маса вытворчых пляцовак, якія мы не павінны баяцца прапаноўваць інвестару за адну базавую велічыню і нават бязвыплатна”, - дадала яна.

Невядома, ці з’явяцца ў вобласці новыя інвестары, тым больш замежныя, у такі складаны час, калі ў краіне  будуецца ўлада па прынцыпе “цяпер не да законаў” і любога як буйнога, так і дробнага прадпрымальніка могуць пасадзіць у турму па надуманых прычынах, адабраць бізнес або патрабаваць вялікі выкуп за вызваленне.

Нягледзячы на тое, што ўлады Беларусі па ўсіх дзяржаўных СМІ запэўнівалі беларусаў, што санкцыі ніякім чынам не ўздзейнічаюць на эканоміку краіны, цяпер дакладна бачна, нават на прыкладзе эканамічнага стану Віцебскай вобласці, што яны хлусілі.

Інга Сташэўская