Аўторак, 14 Люты 2023

У Віцебску ствараюць «партыю прыхільнікаў кіраўніка дзяржавы»

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Так ахарактарызаваў працэс заснавання партыі «Белая Русь» Уладзімір Цярэнцьеў, старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў і кіраўнік абласной структуры аднайменнай грамадскай арганізацыі, якая цяпер трансфармуецца ў палітычную супольнасць.Зараз у Віцебскай вобласці праводзяць устаноўчыя сходы па вылучэнні дэлегатаў на агульнарэспубліканскі сход у Менску, які адбудзецца 18 сакавіка дзеля заснавання «Беларускай палітычнай партыі «Белая Русь».

На думку спадара Цярэнцьева, галоўная якасць палітычнай партыі сёння – гэта масавасць. Як вядома, структуры РГА «Белая Русь» цягам некалькіх гадоў «дабравольна-прымусова» ствараліся на прадпрыемствах вобласці, а цяпер яны павінны «стацца касцяком партыі», а прадстаўнікі грамадскага аб’яднання, стаўшы партыйцамі, мусяць «з такой самай энергіяй папрацаваць у палітычным полі». Першым выпрабаваннем для «маладой» партыі Уладзімір Цярэнцьеў лічыць удзел у 2024г. у выбарах дэпутатаў мясцовых саветаў і Палаты прадстаўнікоў.

У склад дэлегацыі ад Віцебшчыны на ўстаноўчы партыйны сход у Менск абіраюць самыя «правераныя» кадры: гэта дзяржаўныя чыноўнікі, кіраўнікі прадпрыемстваў, а таксама дырэктары школ, якія шматразова прызначаліся кіраўнікамі камісій падчас выбарчых кампаній. Каля 1,8 тысяч дэлегатаў з розных раёнаў вобласці маюць засведчыць, што яны з’яўляюцца прадстаўнікамі «простага народу», які «мае патрэбу ў моцнай партыі».

Жанна Жалейка