Панядзелак, 13 Люты 2023

Віцяблян папярэдзілі пра вучэнні на палігоне «Лосвіда». Праз 4 месяцы ад пачатку

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

З восені мінулага году на палігоне вайсковай часткі 52287 размясціліся падраздзяленні вайскоўцаў з Расеі, якія прыбылі ў Беларусь на супольныя вучэнні. Наяўнасць расейскіх салдат у прыгараднай зоне ўжо даўно не з’яўляецца сакрэтам для віцяблян: людзей у чужой вайсковай форме можна сустрэць у горадзе, яны ходзяць па крамах, звяртаюцца ў мясцовыя паліклінікі, дый практычна любы таксіст раскажа, што вазіў на Лосвіда «у госці» расейскіх сваякоў, якія прыязджаюць адведаць вайскоўцаў.

Аднак толькі цяпер з’явіліся афіцыйныя папярэджанні пра тое, што «на тэрыторыі палігона штодзень праходзяць баявыя стрэльбы, запускі ракет, падрыўныя работы, рух вайсковых машынаў і іншыя небяспечныя для жыцця і здароўя чалавека мерапрыемствы падрыхтоўкі войск».

Інфармацыю пра забарону набліжацца да палігону распаўсюдзілі дзяржаўныя СМІ, а таксама вайскоўцы робяць адмысловыя аб’езды рэгіёну і папярэджваюць пра небяспеку жыхароў бліжэйшых вёсак. Дарэчы, самы блізкі да палігону населены пункт Бліны месціцца ўсяго за 0, 3 км ад месца, дзе можна трапіць «пад абстрэл».

З таго, што вядома пра вучэнні на Лосвіда практычна кожнаму віцябляніну: вайскоўцы жывуць у вялікіх намётах, якіх больш за 100 шт., сюды дастаўлена каля 50 адзінак грузавой тэхнікі. Насельнікі райцэнтру Гарадок ( палігон знаходзіцца на памежжы Віцебскага і Гарадоцкага раёнаў) перыядычна калоны вайскоўцаў, а таксама браніраваную тэхніку.

Мясцовыя жыхары незадаволеныя тым, што яны не могуць прагуляцца па лесе з-за таго, што вучэнні зацягнуліся ўжо на 4 месяцы. А вайсковае кіраўніцтва падазрае, што знойдуцца ахвотныя сфатаграфаваць ці зняць на відэа тое, чым займаюцца расейскія вайскоўцы ў Беларусі, і зрабіць высновы пра тое, ці не вядзецца на палігоне Лосвіда падрыхтоўка да непасрэдных вайсковых дзеянняў.

Таццяна Крывец