Пачаць аналіз варта з умоваў апытання: нідзе на паведамляецца, колькі чалавек узялі ў ім удзел. Але варта звярнуць увагу на тое, што большасць удзельнікаў – гэта асобы 18-30 гадоў, з якіх 44% – гэта студэнты. Зразумела, што гэтая катэгорыя жыхароў Віцебску ў сілу ўзросту не так часта вымушана звяртацца да лекараў, як, прыкладам, людзі старэйшага веку. А такіх, асобаў ва ўзросце ад 59 гадоў, было ўсяго 6% ад агульнай колькасці апытаных.
Тым не менш, нават з улікам узроставай спецыфікі, 49,6% апытаных заявілі пра тое, што яны не задаволены якасцю медычнага абслугоўвання ў паліклініках і шпіталях гораду. Прычым 11,4 % з ліку апытаных не задаволены катэгарычна. Паводле вынікаў, жанчыны выказаліся пра якасць медычнага абслугоўвання крыху больш лаяльна, бо з агульнай колькасці незадаволеных 55,6 % – гэта мужчыны. І тут жа гарадская газета спрабуе патлумачыць гэтую акалічнасць: маўляў, мужчыны, як правіла, не своечасова звяртаюцца да лекараў, а потым вінавацяць у праблемах са здароўем не сябе, а сістэму аховы здароўя.
36,2% апытаных заявілі, што найгалоўнейшай праблемай з’яўляецца «падвышэнне якасці і даступнасці медычнага абслугоўвання», 31,4 % апытаных заклапочаны станам уласнага здароўя ў цяперашніх умовах, калі ў Віцебску катастрафічна бракуе не толькі вузкіх спецыялістаў, але і звычайных участковых тэрапеўтаў.
Гэтую праблему неаднаразова ўздымалі віцебскія грамадскія актывісты, якія ў 2010-х гадах правялі нават адмысловую кампанію «За якасную медыцыну». Пэўных дасягненняў удалося дамагчыся: была адчынена амбулаторыя ў шматтысячным «спальным» раёне Білева, нарэшце дабудавалі цэнтральную гарадскую паліклініку, але што да кадравай праблемы, то яе віцебскія чыноўнікі з аддзелу аховы здароўя дагэтуль імкнуцца не заўважаць.
У адказ на несуцяшальную статыстыку «Витьбичи» традыцыйна імкнуцца супакоіць незадаволеных. Ім абяцаюць «шаги по улучшению ситуации в рамках модернизации объектов здравоохранения и усиления материальной оснащенности» -- паведамляюць пра запланаваныя рамонты паліклінік і бальніц, пра будаўніцтва новых карпусоў і гд. У сферу аховы здароўя з гарадскога бюджэту на 2023г. абяцаюць накіраваць каля 54 мільёнаў рублёў. Для параўнання: леташні бюджэт фестывалю «Славянскі базар у Віцебску» склаў каля 57 мільярдаў рублёў.
Жанна Жалейка