Аўторак, 31 Студзень 2023

На Віцебшчыне будзе створана «народное ополчение» - па адным атрадзе на кожны раён

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Глыбока не аналізуючы гэты тэрмін, газета «Витебские вести» праводзіць паралелі з партызанскім рухам у час Вялікай Айчыннай вайны: маўляў, людзі, якія не трапілі на фронт, добраахвотна ішлі змагацца з ворагам за родную зямлю супраць захопнікаў. Аднак з артыкула Алены Фёдаравай «Хочешь мира, готовься к войне» вынікае, што сёння на Беларусь ніхто не нападаў, а змагацца «ополченцам» давядзецца з «унутранымі ворагамі». Пра тое, хто яны і якую небяспеку ўяўляюць. Аўтарка паразмаўляла з ваенкомам Віцебскай вобласці Русланам Шкодзіным.

Непасрэдна пасля ўхвальных пасажаў пра партызанскі рух у артыкуле прыгадваюцца «каляровыя рэвалюцыі» і «спроба дзяржаўнага перавароту ў 2020-м годзе». Маўляў, тады, прыхільнікі сучасных інстытутаў улады Беларусі (а іх нібыта была большасць) прадэманстравалі гатоўнасць стаць на абарону інтарэсаў дзяржавы «у адным шэрагу з вайскоўцамі, міліцыяй, афіцэрамі і салдатамі». На думку ваенкома Шкодзіна, менавіта «народное ополчение» дазволіць грамадзянам у падобнай сітуацыі «рэалізаваць сваё права на абарону Айчыны» (што трэба разумець як абарону дзяржаўнага ладу).

Распавядаючы пра новую структуру, якая ствараецца ў Беларусі паводле адмысловага законапраекта, Шкодзін прыгадвае падзеі ва Украіне: нібыта там зброю раздавалі бескантрольна, і гэта прывяло да рабаўніцтваў ды іншых непарадкаў. Таму беларускае «народное ополчение» будзе стварацца цэнтралізавана – органамі мясцовай улады, і параўнанні з грамадскім партызанскім рухам тут губляюць усялякі сэнс.

Затое зразумелымі становяцца памкненні ваенкаматаў правесці пераўлік мужчынскага насельніцтва, зафіксаваць вайсковыя спецыяльнасці, наяўнасць вопыту кіроўцы і гд. Бо ваенком Віцебскай вобласці папярэдзіў, што атрады «ополченцев» будуць створаны ў кожным раёне, і што ў іх склад будзе прыцягнуты кантынгент асобаў, не прыдатных да вайсковай службы, але якія не маюць супрацьпаказанняў да карыстання стралковай зброяй. І калі ўжо вядзецца пра тое, што кагосьці плануюць «прыцягнуць», абсалютна марнымі выглядаюць заявы пра стварэнне «народного ополчения» паводле прынцыпаў добраахвотнасці і гуманнасці.

У сферу дзейнасці «ополченцев», паводле Руслана Шкодзіна, будзе ўваходзіць садзеянне вайскоўцам і міліцыянтам, ахова грамадскага парадку і абарона маёмасці. Адказ на пытанне «Ад каго?» відавочны, бо недарма чытачоў палохалі наступствамі «каляровых рэвалюцы» і падзеяў пасля мінулых прэзідэнцкіх выбараў, названых ні больш, ні менш як спробай «дзяржаўнага перавароту».

Феліцыян Красоўскі