Аўторак, 31 Студзень 2023

На Шаркаўшчыне ўлады слаба дапамагаюць грамадзянам знайсці працу

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

За мінулы год у шаркаўшчынскую камісію па садзейнічанні працаўладкавання звярнулася 68 грамадзян, уладкавалі на працу толькі 12. У Віцебскай вобласці гэта адзін з самых нізкіх паказчыкаў працы мясцовых выканкамаўцаў  па ліквідацыі беспрацоўя.

Паводле чыноўнікаў, асноўная задача Дэкрэта №3 - актывізацыя дзейнасці дзяржаўных органаў па максімальным садзейнічанні грамадзянам у працаўладкаванні, стымуляванні занятасці, правядзенні мерапрыемстваў, накіраваных на рэсацыялізацыю асоб, якія вядуць асацыяльны лад жыцця. Як сцвярджаюць чыноўнікі, яны стараюцца ахапіць сваёй увагай грамадзян, якія доўга не працуюць, якія вызваліліся з месцаў пазбаўлення волі, якія завяршылі лячэнне ў лячэбна-працоўных прафілакторыях ды іншых.

За мінулы год у Шаркаўшчыне мясцовыя ўлады правялі 35 пасяджэнняў камісій па садзейнічанні занятасці, у тым ліку 6 выязных. На пасяджэнні камісій агулам яны запрасілі 509 чалавек незанятых у эканоміцы, з іх, як зазначаюць чыноўнікі, 33 чалавекі вядуць асацыяльны лад жыцця. Але ці мае значныя вынікі праца такіх камісій, у якія ўваходзяць часам розныя чыноўнікі проста па загадзе і не маюць вялікага задавальнення прысутнічаць там?

Усяго за 2022 год у камісію па садзейнічанні занятасці ў Шаркаўшчыне звярнуліся 208 чалавек, з іх па пытаннях працаўладкавання – 68 чалавек, прадастаўлення дакументаў, якія пацвярджаюць занятасць, – 132 чалавекі.

За ўвесь год камісіяй выдадзена толькі 17 накіраванняў да наймальніка для працаўладкавання, з іх, як указваюць чыноўнікі, 6 чалавекам, якія вядуць асацыяльны лад жыцця, працаўладкавана па гэтых накіраваннях толькі  4 чалавекі.

А 23-ом чалавекам было ўсяго толькі рэкамендавана самім звярнуцца ў службу занятасці для аказання садзейнічання ў працаўладкаванні. Як паведамляюць у камісіі, звярнулася ў службу занятасці для садзейнічання ў працаўладкаванні 16 чалавек, з іх 12 былі зарэгістраваныя ў якасці беспрацоўных, 4 - у якасці тых, хто звярнуўся па садзейнічанне ў працаўладкаванні. Працаўладкавана па накіраванні службы занятасці 12 чалавек, з іх 8 беспрацоўных.

Як сцвярджае камісія, за 2022 год аказана інфармацыйна-кансультацыйнае садзейнічанне 844 грамадзянам. Адносна двух працаздольных грамадзян, якія вядуць асацыяльны лад жыцця, прынята рашэнне аб неабходнасці накіравання ў лячэбна-працоўныя прафілакторыі.

Мяркуючы па выніках іх працы, узнікае пытанне: ці патрэбныя ўвогуле такія камісіі? Бо эфекту ад іх працы амаль ніякага. Уладкавацца на працу людзям і надалей складана, а інфармацыю пра тое, што для пошуку працы трэба звяртацца ў службу занятасці, яны і самі ведаюць. Толькі там адказ звычайна адзін: шукайце самі працу, а як знойдзеце, мы можам даць вам накіраванне. Ды і адпраўкай у ЛПП займаюцца ў асноўным іншыя структуры, толькі вось ці мае гэта якую карысць для тых, каго туды накіроўваюць? Пытанне рытарычнае.

Хіба, усім вядома для чаго створаныя гэтыя камісіі пад прыкрыццём працаўладкавання.  І адна з прычын - вышукванне нязгодных з рэжымам, якія не хочуць яго ўтрымліваць, і запіс іх у базу, каб яны плацілі завышаныя тарыфы за камунальныя паслугі. Бо зараз страціць працу ў Беларусі па палітычных матывах - нядоўга, знайсці новую ў краіне ўжо амаль немагчыма пасля такога звальнення. Рэжым Лукашэнкі  стварае сваім апанентам усялякія нязручнасці (і гэта яшчэ мякка кажучы) для жыцця ў так званай стабільнай і квітнеючай Беларусі.

Інга Сташэўская