Чацвер, 14 Красавік 2022

У 2021 годзе Віцебская вобласць страціла $2 млдр. у гандлі з расійскімі рэгіёнамі

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Тавараабарот Віцебскай вобласці з рэгіёнамі Расіі склаў $4,3 млрд. Віцебскія прадпрыемствы і фірмы экспартавалі прадукцыю на агульную суму $1,2 млрд., расійскі імпарт склаў $3,1 млрд. Гандлёвы баланс у $1, 9 млрд. атрымаўся не на карысць эканомікі Віцебскага рэгіёна. 

Прадпрыемствы Віцебскай вобласці супрацоўнічаюць з партнёрамі з 75 рэгіёнаў усіх федэральных акруг Расіі, пры гэтым на долю арганізацый Цэнтральнай федэральнай акругі прыпадае каля 67 працэнтаў усяго віцебскага экспарту ў расійскім напрамку.

У 2021 годзе экспартавана прадукцыі на $1,2 млрд., тэмп росту гэтага паказчыка перавысіў 140 працэнтаў у параўнанні з 2020 годам. 

У структуры экспартных паставак пераважалі спажывецкія тавары (46%), з якіх 22,6% прыпадала на прадукты харчавання, яшчэ 23,4% - на нехарчовыя тавары. 

Традыцыйна вытворцы Віцебскай вобласці найбольш актыўна пастаўляюць нафтахімію (поліэтылен, хімічныя валокны, шкловалакно), малочную прадукцыю, трыкатажныя, дывановыя і швейныя вырабы, абутак, ільняныя тканіны, станкі. 

Па выніках 2021 года доля Расійскай Федэрацыі ў знешнегандлёвым абароце Віцебскай вобласці склалася на ўзроўні 65,8 працэнта, у тым ліку ў агульным аб'ёме экспарту віцебскай прадукцыі каля 48 працэнтаў прыпадае на расійскі рынак, у імпарце доля расійскіх партнёраў склала 77,5 працэнта. 

Эканамісты прагназуюць, што ва ўмовах санкцый і ізаляцый эканомік Беларусі і Расіі адмоўны баланс Віцебскай вобласці ў гандлі з расійскімі рэгіёнамі будзе павялічвацца ў паскораным тэмпе. 

Алег Кунін