Аўторак, 31 Жнівень 2021

Дэпутаты аблсавету выдзелілі на рэстаўрацыю царквы ўдвая больш грошай, чым на рамонт школаў

Ацаніць гэты матэрыял
(5 галасоў)

Дэпутаты Віцебскага абласнога Савету дэпутатаў на пазачарговай сесіі, якая адбылася 24 жніўня 2021 году ў абласным цэнтры, вырашылі вылучыць з абласнога бюджэту на рамонт манастыра ў два разы больш грошай, чым на рамонт школаў вобласці.

На сесіі аблсавету «народныя прадстаўнікі» разгледзелі, акрамя іншых, пытанне фінансавання бягучага рамонту і ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстановаў адукацыі. На Віцебшчыне такія працы вядуцца ў школах пяці раёнаў – Глыбоцкага, Аршанскага, Чашніцкага, Полацкага і Сенненскага. На гэтыя мэты з абласнога бюджэту ім перададуць агулам 160 тыс. рублёў.

Не забыліся дэпутаты дапамагчы з рамонтам і духоўнай установе. Полацкі райвыканкам атрымае 300 тыс. рублёў на рэстаўрацыю і рэканструкцыю Спаса-Праабражэнскай царквы на тэрыторыі Спаса-Еўфрасінеўскага жаночага праваслаўнага манастыра.

Віталь Кажух