Панядзелак, 16 Кастрычнік 2017

Віцебскі гарвыканкам: Будаўніцтва помніка княгіні Вользе плянуецца за кошт пазабюджэтных сродкаў

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Першапачатковы праект помніка Першапачатковы праект помніка

Віцебскія актывісты атрымалі адказ з гарвыканкаму на электронны зварот, у якім выказалі сумневы наконт мэтазгоднасьці ўсталяваньня ў горадзе помніка княгіні Вользе. Асноўныя аргумэнты грамадзян: праект вымагае вялізных выдаткаў, да таго ж галоўная роля княгіні Вольгі ў заснаваньні Віцебску аспрэчваецца гісторыкамі.

У адказе, дасланым на імя віцяблянкі Тацяны Севярынец з аддзелу ідэалягічнай працы, культуры і па справах моладзі Віцебскага гарвыканкаму, паведамляецца, што “зьвесткі аб заснаваньні гораду Віцебску княгіняй Вольгай зьмяшчаюцца ў Віцебскім летапісу і ў шэрагу пісьмовых крыніц XVIII-XIX стагодзьдзяў”.

Што да фінансаваньня праекту, то “будаўніцтва помніка княгіні Вользе плянуецца за кошт пазабюджэтных сродкаў”, сьцьвярджаецца ў лісьце з гарвыканкаму. Канкрэтныя крыніцы фінансаваньня не ўдакладняюцца.

Адкуль возьмуць грошы? Зноў – на суботнікі?..

Нагадаем, што да жаданьня ўсталяваць у Віцебску помнік легендарнай і міталягічнай княгіні Вользе гарадзкія ўлады вярнуліся сёлета (конкурс праектаў помніка праходзіў яшчэ ў 2009-м). Напрыканцы верасьня стала вядома, што віцебская ЖКГ абвясьціла тэндэр на добраўпарадкаваньне месца для разьмяшчэньня скульптуры.

Аказалася, што толькі падрыхтоўка пляцоўкі будзе каштаваць больш за 1 млн. 150 тыс. рублёў бюджэтных сродкаў. Колькі будзе каштаваць сам помнік, пакуль невядома. Але, напрыклад, грошы на стварэньне помніка Аляксандру Неўскаму віцебчукі зьбіралі ўсёй грамадой падчас гарадзкіх суботнікаў.

Нават тыя зь віцяблян, хто ня супраць, каб у Віцебску зьявіўся чарговы гістарычны помнік, кажуць, што зараз ня час нават думаць пра такія дарагія праекты.

Жыхары Віцебску таксама зьвяртаюць увагу, што “добраўпарадкаваньне тэрыторыі для ўсталяваньня помніка” спляжыць зялёную зону ў цэнтры горада – з густоўнымі клюмбамі і шматлікімі дрэвамі. Меркаваная пляцоўка для помніка знаходзіцца на скрыжаваньні вул. Леніна і пр-та Фрунзэ, недалёка ад Духаўскога кругліка.

Гісторыкі: Паселішча існавала яшчэ да Вольгі

Гісторыкі, дарэчы, не аспрэчваюць той факт, што ў “Віцебскім летапісу” Панцырнага і Аверкі ёсьць згадка пра тое, што “въ лѣто 974” горад заснаваны на загад княгіні Вольгі. Але ёсьць таксама доказы, што яшчэ ў 969 годзе Вольга адышла ў лепшы сьвет. Каб разьвязаць гэтую супярэчнасьць, і была прыдуманая легенда пра памылку летапісца, які нібыта замест “974” напісаў “947”. Дзякуючы такому дапушчэньню (як мяркуе гісторык і краязнаўца Аркадзь Падліпскі, аўтарам ідэі пра памылку перапісчыка быў Міхаіл Рыўкін), у 1974 годзе Віцебск адсьвяткаваў сваё 1000-годзьдзе.

Дарэчы, як сьцьвярджае Аркадзь Падліпскі, «Летапіс Панцырнага-Аверкі» летапісам, па сутнасьці, не зьяўляецца, бо толькі нязначная частка дакумэнту была напісана сучасьнікам апісаных у ёй падзеяў.   

“Віцебская вясна” зусім нядаўна апублікавала таксама меркаваньне на гэты конт вядомага віцебскага гісторыка Ігара Цішкіна, які сьцьвярджае, што “паселішча існавала задоўга да Вольгі, а Віцебск – горад, заснаваны крывічамі”. Калі ўжо ставіць помнік – дык ім.

Зьміцер Міраш