Размовы пра ўсталяваньне ў Віцебску помніка княгіні Вользе вядуцца ня першы год. У 2009 -2010 гадох нават праводзіўся конкурс, і быў вызначаны пераможца. Перамог праект менскага скульптара Ўладзімера Слабодчыкава. Нядаўна ж месьцічы даведаліся, што помнік Вользе нарэшце ўсталююць, а на добраўпарадкаваньне прылеглай тэрыторыі гарадзкая ЖКГ абвясьціла тэндэр. Агучаная нават сума, у якую абыдуцца падрыхтоўчыя работы: 1 154 546 рублёў.
Пракамэнтаваць усталяваньне помніка мітычнай заснавальніцы Віцебску мы папрасілі вядомага грамадзкага дзеяча, гісторыка Ігара Цішкіна.
Спадар Ігар, пытаньне наконт будучага помніка бадай што вырашанае. Але ці мае гэтая гістарычная асоба рэальнае дачыненьне да Віцебску?
З гістарычнага пункту гледжаньня ніякага дачыненьня да Віцебску княгіня Вольга ня мае. І гэта гістарычна даказаны факт. Вольга для Віцебску – цалкам мітычная постаць. І, тым ня менш, з ідэяй пра нібыта датычнасьць гэтай асобы да нашага гораду носяцца не адзін дзясятак гадоў.
Калі ў сямідзесятыя гады гарадзкое кіраўніцтва паехала ў Маскву прасіць грошы на сьвяткаваньне дня гораду, “шэры кардынал” Міхаіл Суслаў запытаў: “А колькі Віцебску гадоў?” Вось тады і аказалася запатрабаванай згадка з гэтак званага “Віцебскага летапісу” Панцырнага і Аверкі пра тое, што “въ лѣто 974” горад нібыта быў заснаваны на загад княгіні Вольгі. Зразумела, што вялікія грошы маглі выдзеліць толькі пад нешта значнае. Такім значным і стала сьвяткаваньне тысячагодзьдзя гораду.
Праўда, ёсьць у тым летапісе адна гістарычная недакладнасьць, якую трэба было нейкім чынам выправіць. Справа ў тым, што княгіня памерла ў 969 годзе і прысутнічаць у Віцебску ў 974 ніяк не магла. Знайсьці гістарычна абгрунтаванае выйсьце з сытуацыі даручылі акадэміку гістарычных навук Барысу Рыбакову і доктару гістарычных навук Леаніду Аляксееву. Заданьне партыі і савецкага кіраўніцтва было выкананае. Прыдумалі чарговую легенду: нібыта віцебскі летапісец 18 стагодзьдзя, пераводзячы летазьлічэньне ад стварэньня сьвету ў летазьлічэньне ад нараджэньня Хрыстова пры лучыне нешта наблытаў і замест дакладнай даты 947 напісаў 974. Відаць, пасьля чарговай чаркі “Талачынскага” затрымцела рука летапісца, і чацьвёрка зь сямёркай памяняліся месцамі. Сорак сем, семдзесят чатыры – гэта ўжо ня так істотна. Галоўнае – ніхто ня будзе аспрэчваць той факт, што Віцебск у 10 стагодзьдзі ўжо існаваў.
Калі ж казаць абсалютна сур’ёзна: ніхто з гістарычных асобаў, вядомых нам, Віцебск, як і Полацак, не засноўваў. Паселішча існавала задоўга да Вольгі. Віцебск – горад, заснаваны крывічамі.
Часам можна пачуць, што, усталёўваючы помнік такім асобам, як Аляксандар Неўскі ці тая ж Вольга, гарадзкія ўлады кіруюцца выключна мэркантыльнымі інтарэсамі. Маўляў, гэта прыцягне ў горад турыстаў. Што думае на гэты конт гісторык?
У тутэйшай помнікаманіі можна дайсьці да таго, каб паставіць у Віцебску помнік нават Гераклу. Наогул, я гляджу, тэндэнцыя з ўсталяваньнем помнікаў у віцебскіх уладаў чамусьці зьвязаная зь мітычнамі асобамі і нават істотамі: той жа Стары Хатабыч, тая ж Залатая рыбка. І чаму б у такім разе не паставіць помнік Гераклу, які б сымбалізаваў самі ведаеце каго. Да таго ж, я мяркую, чаму б нашым уладам ні прагнуцца пад адэптаў “рускага сьвету” і ні паставіць помнік Мікалаю Другому?
Я ня ведаю, якую карысьць можна займець ад усіх гэтых мітычных помнікаў. Адзінае, калі глядзець на гэта ў духу сучаснасьці, то, мабыць, адмыць нейкія грошы, атрымаць нейкі адкацік, як гэта модна ў суседняй краіне. Але, паставіўшы помнік той жа Вользе, няхай ня цешаць сябе і ня дураць глузды іншым, што тут хлыне плынь турыстаў. На што глядзець? На залатога карася ў сутоцы Віцьбы? Ну, паставілі яны зусім недарэчны помнік Аляксандру Неўскаму, які таксама ніякага гістарычнага дачыненьня да Віцебску ня меў.
Карыстаючыся тым, што большасьць насельніцтва не абазнаная ў сваёй гісторыі, улады робяць, што хочуць. Я зразумеў бы такую пазыцыю, калі б гэта былі цалкам фундатарскія грошы, але ж яны цягнуць грошы з бюджэту. Бюджэтныя ж разьмеркаваньні ў нас закрытыя, таму ўсё робіцца ціхай сапай, без усялякага абмеркаваньня. Вось вам гараджане Старык Хатабыч, а вось – Залаты карась, ежце.
Я ня супраць нейкай паркавай скульптуры, але ж гістарычныя помнікі вымагаюць грамадзкага абмеркаваньня і ацэнкі адмыслоўцаў. Аднак тутэйшае кіраўніцтва ад самага верху да самага нізу плявала на думку народу і меркаваньне спэцыялістаў.
С. Горкі