Перадача рэгіянальнага гандлёвага прадпрыемства канцэрну павінна дапамагчы яму аднавіць паўнавартасную працу крамаў, разьлічыцца з пастаўшчыкамі і вытворцамі, рэанімаваць рэпутацыю надзейнага партнэра і, такім чынам, будаваць пляны па далейшым разьвіцьці. Першыя ацэнкі дзейнасьці новай кіраўнічай каманды будуць дадзеныя па выніках IV кварталу бягучага году.
Непасрэдны ўдзел у лёсе гандлёвага прадпрыемства ўзяў аблвыканкам. Згодна зь яго верасеньскім рашэньнем увесь дзяржпакет акцыяў у статутным фондзе акцыянэрнага таварыства (больш за 98%) бязвыплатна перададзены з гарадзкой у абласную ўласнасьць. Функцыі органу ўладальніцкага нагляду цяпер выконвае дзяржаўнае аб'яднаньне «Віцебскі канцэрн “Мяса-малочныя прадукты”».
Прадстаўнікамі дзяржавы ў органы кіраваньня ААТ прызначаныя намесьніца генэральнага дырэктара канцэрну па эканоміцы Вольга Воранава і начальнік упраўленьня па маркетынгу і збыце Леанід Далгарукі.
30 верасьня на пазачарговым сходзе акцыянэраў прынятае рашэньне пра перадачу паўнамоцтваў выканаўчага органу таварыства ўваходнаму ў склад канцэрну ААТ «Віцебскмясамалпрам». Яно і зоймецца апэратыўным кіраваньнем гандлёвай сеткі, пры гэтым «Віцебскія прадукты» захаваюць статус юрыдычнай асобы.
«Канцэрн мае магчымасьць пацягнуць гэткае глыбока стратнае прадпрыемства, якім сёньня зьяўляюцца “Віцебскія прадукты”, дзякуючы ўстойліваму фінансаваму становішчу і рэпутацыйнаму рэсурсу, – падкрэсьліла Вольга Воранава. – Цяпер ужо робяцца актыўныя захады па максымальным насычэньні гандлёвых аб'ектаў усімі неабходнымі таварамі. Перш за ўсё, вядзецца пра прадукцыю, якая выпускаецца прадпрыемствамі канцэрну, а таксама іншымі вытворцамі Віцебшчыны. У прыватнасьці, вырашаныя ўсе пытаньні па пастаўках прадукцыі “Віцебскхлебпраму”, камбінату “Віцьба”, віцебскага лікёра-гарэлачнага заводу і г. д. У сетцы таксама будзе прадстаўленая прадукцыя вытворцаў зь іншых рэгіёнаў».
Па выніках паўгодзьдзя выручка «Віцебскіх прадуктаў» упала больш як на траціну ў параўнаньні з аналягічным пэрыядам 2015 году. Кіраўніцтва гораду разьлічвала, што сетка ўвойдзе ў другую палову году бяз страт, але адмоўны фінансавы вынік склаў каля 15 мільярдаў рублёў (да дэнамінацыі). Даўгавыя забавязаньні кампаніі дасягнулі амаль 150 мільярдаў рублёў. Сярэднясьпісачная колькасьць работнікаў за гэты час скарацілася амаль на 20%.
Такія завалы трэба будзе разграбаць канцэрну, пры гэтым занураючыся ў неўласьцівае для сябе гандлёвае асяродзьдзе на тле стагнацыі спажываньня. Паводле слоў Вольгі Воранавай, першыя крокі новай каманды ў фінансавай сфэры былі зробленыя па пагашэньні заработнай запазычанасьці.
«Сёньня мы цалкам разьлічыліся з працаўнікамі, – канстатавала прадстаўніца дзяржавы. – Хачу адзначыць, што спэцыялісты прадпрыемства з аптымізмам сустрэлі прыход кіруючай кампаніі, зь якой яны зьвязваюць надзеі на адраджэньне гандлёвай сеткі. Дарэчы, у будучыні з ростам тавараабароту абавязкова створым дадатковыя працоўныя месцы».
Што тычыцца павышэньня фінансавага дабрабыту прадпрыемства, то цяпер вядуцца перамовы пра магчымасьць рэструктурызацыі крэдытнай запазычанасьці (вядзецца ў асноўным пра крэдыты Беларусбанку, з дапамогай якіх фінансаваліся праекты па мадэрнізацыі), а таксама з партнэрамі па растэрміноўцы плацяжоў за пастаўленую прадукцыю.
Сяргей Антонаў, vitvesti.by