За год было зарэгістравана пяць злачынстваў карупцыйнай накіраванасьці: гэткія факты дапускаліся кіраўнікамі Наваполацкага КУП ЖКГ, Наваполацкага КУП «ЖРЭА», КУП «ЖКГ г. Полацку», РДЦ КУП «Воршакамгас».
Пратэрмінаваная дэбіторская запазычанасьць суб’ектаў гаспадараньня вобласьці за аказаныя ў 2013 годзе камунальныя паслугі ўзрасла на 22,2 мільярда рублёў, або на 46 працэнтаў і склала 48,6 мільярда рублёў. Найбольшы рост дапушчаны даччынымі прадпрыемствамі УКВП «Віцебская гарадзкая жыльлёва-камунальная гаспадарка», КУП «Воршаводаканал», КУП «Віцебскаблводаканал», УКВП ЖКГ Полацкага раёну.
Дапамагчы спагнаць запазычанасьць з аграрыяў, якія зьяўляюцца асноўнымі даўжнікамі, прасіў калегію пракуратуры начальнік упраўленьня ЖКГ Віцебскага аблвыканкаму Юры Дзядзела. Пратэрмінаваная запазычанасьць сельгаспрадпрыемстваў склала 20,7 мільярда рублёў ці 42,6 працэнта ад усіх суб’ектаў гаспадараньня вобласьці.
Паўсюдна выяўленыя парушэньні правілаў будаўніцтва, рэканструкцыі, эксплёатацыі, утрыманьня і рамонту вуліц населеных пунктаў. Стварае патэнцыйную небясьпеку вялікая колькасьць незачыненых неахаваных люкаў. На тэрыторыях населеных пунктаў не заўсёды забясьпечваецца своечасовая прыборка сьмецьця, маюць месца выпадкі зграмаджэньня бытавых адходаў. Актуальнымі зьяўляюцца праблемы аўтамабільных стаянак, парковак.
Пастаянна зьяўляюцца факты невыкананьня нормаў бясьпекі пры выкарыстаньні абсталяваньня дзіцячых гульнявых пляцовак на прыдамавых тэрыторыях населеных пунктаў, грамадзкіх і школьных стадыёнах вобласьці. Таксама на калегіі абмяркоўваліся злабадзённыя праблемы вялікай колькасьці бадзяжных жывёл і неналежнага ўтрыманьня грамадзянамі хатніх жывёл.
Крыніца: Оршатут.бай