Субота, 24 Снежань 2022

Ксёндз Вячаслаў Барок патлумачыў, чаму ён больш не выступае

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Вядомаму каталіцкаму святару Вячаславу Барку, а адначасова актыўнаму блогеру, забараніла выказвацца на грамадска значныя тэмы ў СМІ і сацсетках царкоўнае начальства, патлумачыў ён у тэлеграм-канале.

 Просячы прабачэння перад тымі, хто прызвычаіўся яго чытаць і слухаць, святар тлумачыць:

«Справа ў тым, што 11 лістапада 2022 года я быў азнаёмлены з рашэннем майго ардынарыя біскупа Алега Буткевіча, якое было прынятае 28 кастрычніка 2022 года, згодна з якім я атрымаў кананічную вымову і мне, пад пагрозай пазбаўлення магчымасці выконваць усе святарскія абавязкі, было забаронена публічна выказвацца ў СМІ, і ў тым ліку ў сацыяльных сетках.

Біскуп сцвердзіў, што я «шмат увагі прысвячаю палітычнай сітуацыі ў Беларусі і свеце», а мае «выказванні выклікаюць згаршэнне сярод вернікаў і спрыяюць іх раздзяленню і ўзаемнай варожасці».

Барок падпарадкаваўся, але падкрэслівае, што сустрэў гэтае рашэнне без разумення.

«Цягам апошняга месяца я спрабаваў знайсці паразуменне са сваім біскупам. Імкнуўся патлумачыць, што адзіная мэта ўсіх маіх выказванняў — гэта прапаведаванне Евангелля і абвяшчэнне афіцыйнага вучэння Касцёла, што, безумоўна, я стараўся рабіць у духу любові да Беларусі».

Святар упэўнены, што яго няправільна зразумелі:

«Таму што ў маім прапаведаванні Слова Божага заўсёды ў цэнтры ёсць Хрыстос і мая мэта — прыцягнуць увагу да крызісных сацыяльных праблем, а не да палітычнай сітуацыі.

Я ніколі не выступаў па лініі ніводнай палітычнай партыі, не афішаваў палітыкаў і не вёў палітычнай дзейнасці. Мяне менш хвалюе палітычная сітуацыя, але больш цікавіць Валадарства Божае, якое можа быць пабудавана толькі на праўдзе і справядлівасці».

Мэтай Барка, як ён сцвярджае, ніколі не было сеянне «згаршэння, падзелу і варожасці», ён імкнуўся толькі да «аб'яднання людзей вакол праўды Хрыста».

«Я думаў, што раблю гэта паспяхова, бо палова маіх падпісчыкаў на YouTube — праваслаўныя, пратэстанты і атэісты. Я нікога ніколі не адкідваў і неаднаразова заклікаў слухачоў да дыялогу ў расколатым сёння беларускім грамадстве.

Акрамя таго, многія з маіх размешчаных матэрыялаў у сацыяльных сетках (каля 10) у 2021 годзе прайшлі дзяржаўную лінгвістычную экспертызу, паводле якой не было выяўлена зместу, які сведчыць пра тое, што я сеяў раскол і варожасць».

Вячаслаў Барок папрасіў біскупа назваць канкрэтныя памылкі, якія ён зрабіў, але адказу на свае пытанні дагэтуль не атрымаў. Але:

«Хоць я не разумею, за што мяне пакаралі, я падпарадкоўваюся рашэнню біскупа. І я працягваю маўчанне ў СМІ і сацыяльных сетках», — завяршае ён.