Аўторак, 09 Лістапад 2021

Улады Расеі не ўпусцілі на сваю тэрыторыю віцебскую актывістку Станіславу Цярэнцьеву

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)

Актывістка Станіслава Цярэнцьева, якая апошнія некалькі месяцаў жыве ў Грузіі, не змагла трапіць у Расейскую Федэрацыю. Улады гэтай краіны не прапусцілі віцяблянку праз дзяржаўную мяжу, заявіўшы, што Станіслава ўяўляе пагрозу для бяспекі дзяржавы. Аб гэтым інцыдэнце дзяўчына паведаміла ў сваім акаўнце на facebook.

Станіслава Цярэнцьева займалася ў Віцебску каардынацыяй лакальных грамадскіх ініцыятыў, гарадскіх праектаў. Пасля выбараў 2020 году ўдзельнічала ў пратэстах, у сувязі з чым яе, а таксама дзвюх яе малодшых сясцёр не раз затрымлівалі. Дзяўчына з'ехала з Беларусі на пачатку ліпеня, пасля таго як дамоў да ейнага хлопца прыйшлі з ператрусам - нібыта праз падазрэнні аб датычнасці яго да выбуху на вузле сувязі ў Вілейцы. У пары канфіскавалі тэхніку, хлопца дапыталі ў КДБ, але адпусцілі. Тады было прынятае рашэнне пакінуць Беларусь.

На мінулым тыдні Станіславе трэба было на пару дзён з'ездзіць па справах у расейскі Краснаярск. Яна ацэньвала рызыкі быць затрыманай у Расеі як нізкія, паколькі раней ужо паспяхова перасякала мяжу РФ. Перад цяперашняй паездкай праверыла, што на яе ў Беларусі і Расеі няма адкрытых крымінальных справаў. Таму вырашыла ехаць. Ляцела з Грузіі самалётам - праз Ерэван. На пашпартным кантролі ў Краснаярску яе адвялі ў бок, потым былі дзевяць гадзін допытаў памежнікамі і супрацоўнікамі ФСБ з запісам паказанняў на відэа. Частка пытанняў тычылася таго, ці звязаная Станіслава Цярэнцьева з «Фондам барацьбы з карупцыяй» Аляксея Навальнага. У дзяўчыны знялі адбіткі пальцаў і забралі ўзоры сліны і валос.

«Пасля начальнік аэрапорту паведаміў, што прынятае рашэнне не ўпускаць мяне ў краіну. Прычына: я пагражаю бяспецы РФ», - распавяла ў сваім пабліке Станіслава.

Пасля гэтага, забраўшы пашпарт, яе да зваротнага рэйсу ў Ерэван трымалі ў ізаляваным пакоі без душу, электраразетак і сродкаў сувязі, ежу прыносілі раз на дзень. Праз тры дні віцяблянку пасадзілі на самалёт. Пашпарт дзяўчыне аддалі толькі ў Ерэване, пасля апытання армянскімі памежнікамі.

«Я ў бяспецы, дома і ўжо ў парадку. Дзякую за дапамогу, падтрымку і турботу - захапляюся вамі», - звярнулася  Станіславу да ўсіх неабыякавых людзей, якія хваляваліся за яе лёс.

Міхась Пісараў