Пятніца, 28 Чэрвень 2019

Клюбны дом “Крылы Надзеі”: акрыяць з дапамогай сяброў і мастацтва

Ацаніць гэты матэрыял
(5 галасоў)
"Крылы надзеі". Фота Сяргея Стрыжонка "Крылы надзеі". Фота Сяргея Стрыжонка

Віцебскі клюбны дом “Крылы Надзеі” існуе ў нашым горадзе крыху больш за два гады. За гэты час да яго далучыліся дзясяткі людзей, што перанесьлі розныя псыхічныя захворваньні. Частка зь іх, прайшоўшы сацыялізацыю, была працаўладкаваная.

Вечар 24 чэрвеня выдаўся для Інгі Багінскай, дырэктаркі арт-цэнтру VZAP, вельмі насычаны. Да яе ў госьці на адкрыцьцё выставы “Я” прыйшлі дзясяткі выхаванцаў клюбнага дому “Крылы Надзеі”, а таксама іх сваякі і знаёмыя. Гэтая выстава партрэтаў ёсьць часткай сацыяльнага антыстыгмацыйнага праекту, што накіраваны на падтрымку людзей, якія перанесьлі псыхічныя захворваньні. У якасьці натуршчыкаў выступілі ўдзельнікі  клюбу ды самі мастакі і іх знаёмыя.

“Я”: мы розныя, але маем шмат агульнага

Аўтары праекту хочуць “паказаць грамадзтву, што адрозьненьні паміж людзьмі нязначныя, калі перад намі раскрываецца ўнутраны сьвет і асоба чалавека”.

“Мы вельмі хацелі прыцягнуць увагу да гэтай тэмы. Ідэя была ў тым, што маладыя мастакі малююць партрэты розных людзей, адлюстроўваючы іх пачуцьці і эмоцыі. Мы асобы, мы ўсе быццам бы розныя, але ў нас вельмі шмат агульнага, – скажа на вэрнісажы Інга Багінская.

Інга Багінская на адкрыцьці выставы. Фота: Андрэй Тавалжанскі

Яна ня толькі кіруе арт-цэнтрам, але і апякуецца “клюбам”, бясплатна дае памяшканьне для выхаванцаў. Дапамагае ім чым можа. Выстава “Я” прайшла пры яе непасрэдным удзеле. Сябры клюбнага дому, у сваю чаргу, за колькі дзён да адкрыцьця дапамаглі з афармленьнем заляў.

Партрэты падораць мадэлям

“Мяне, як аўтара, заўсёды цікавілі тэмы чалавека, соцыюму. Мне цікава разьбірацца ў сабе і ва ўчынках іншых людзей. Думкі ў галаве віруюць, шукаюцца адказы на тыя ці іншыя пытаньні. Нейкія  важныя для мяне тэмы я інтэрпрэтую для палотнаў, для графікі”, – дзеліцца думкамі мастачка Анастасія Красоўская, натхняльніца праекту.

Анастасія Красоўская. Фота: Андрэй Тавалжанскі

Пра існаваньне клюбнага дому Анастасія даведалася дзякуючы курсам для мэнэджэраў культуры “Віцебскі арнамэнт”, у якім яна брала ўдзел у 2017-м і 2018-м гадах. Там жа пачула пра сыстэму стыгматызацыі і дыскрымінацыі па розных прыкметах. У якасьці курсавога праекту вырашыла зладзіць падобную выставу. Знайшоўшы аднадумцаў, супольна прыйшлі да ідэі, якім чынам ажыцьцявіць праект.

“Маляваць з натуры вельмі цяжка, таму што трэба вельмі доўга сядзець у нерухомасьці. Ня кожны вытрымае. Таму вырашалі маляваць з фатаграфіяў. Бо фотаздымак таксама перадае характар чалавека”, – дзеліцца падрабязнасьцямі мастачка.

Фатаграфіі з выхаванцамі ўзгадняліся загадзя. Браліся менавіта тыя, зь якіх самі мадэлі хацелі, каб іх малявалі. Перад тым як пачаць, мастакі знаёміліся з “натуршчыкамі”, сустракаліся некалькі разоў, размаўлялі зь імі, выбіраліся на шпацыр, узаемадзейнічалі.

На выставе "Я". Фота: Андрэй Тавалжанскі

У праекце ўзялі ўдзел 6 мастакоў зь Віцебску ды Менску. Прэзэнтацыя прайшла ў 2018 годзе ў межах “Віцебскага арнамэнту”. У плянах – правесьці выставу ў абласных цэнтрах краіны, асабліва ў тых гарадах, дзе ёсьць клюбныя дамы. А пасьля гэтага партрэты будуць падораныя мадэлям.

Тут усе на роўных

Мастачка зь вялікім задавальненьнем успамінае працу над карцінамі, зь цеплынёй узгадвае выхаванцаў: “Косьця – вельмі цікавы чалавек. Калі мы пазнаёміліся ў клюбе, ён быў вельмі сарамлівы. Расказваў, што спачатку не хацеў хадзіць у клюб, але потым яму спадабалася. Ён пазнаёміўся зь людзьмі, стаў наведваць імпрэзы. Зараз вельмі гаваркі, усьмешлівы і прыемны  чалавек, які выклікае вялікую прыхільнасьць. А Яну я малявала ў ярка-жоўтых тонах, бо яна і сама такая яркая!”

Што казалі пра мастацкія працы самі мадэлі? Меркаваньні былі розныя, але ў цэлым усім спадабаліся. Хтосьці з цяжкасьцю пазнаў сябе, а хтосьці – вельмі хутка.

Фота: Андрэй Тавалжанскі

Арганізацыя і правядзеньне падобных імпрэзаў – частка вялікай працы па сацыялізацыі і рэабілітацыі сябраў клюбу. Яны пастаянна ўдзельнічаюць у майстар-клясах, выставах, тэатральных пастаноўках, канцэртах, экскурсіях. Бралі нават удзел у форум-тэатры – як акторы. Ім аплядыравалі ў Менску, Гомлі, Магілёве і, зразумела, у Віцебску.

Асаблівасьцю клюбнага дому ёсьць і тое, што тут усе на роўных, кожны – самадастатковы сябар. У кожнага ёсьць свае правы і абавязкі, за кожным, па яго жаданьні, замацоўваецца нейкая функцыя.

"Крылы Надзеі" бралі ўдзел у форум-тэатры. Фота Сяргея Стрыжонка

У клюбным доме людзі з мэнтальнымі асаблівасьцямі атрымліваюць упэўненасьць у сваіх сілах, сацыяльныя кантакты, неабходныя для актыўнага жыцьця ў грамадзтве і працоўнай дзейнасьці. Тут спасьцігаюць новыя веды і навыкі.

Пазбавіцца стыгмы

Сустрэчы ў клюбе праходзяць 2-3 разы на тыдзень. Але клюбнікі і так сустракаюцца амаль штодзень. А ў выніку радзей трапляюць у шпіталь. У тых жа, хто наведвае яго рэгулярна, не было аніводнай шпіталізацыі з прычыны абвастрэньня захворваньня, хаця да гэтага бывала па тры ці больш шпіталізацыяў за год.

“Часам здаецца, што гэтай праблемы няма і пра гэта ня трэба казаць. Прасьцей гаварыць пра іншыя хваробы. Лічыцца, што пра псыхічныя захворваньні гаварыць няёмка, нават – сорамна. І ёсьць такое паняцьце, як стыгма. Часам на чалавека, які мае такое захворваньне, навешваецца нэгатыўны ярлык”, – кажа псыхоляг Вера Лабейка, каардынатарка клюбнага дому, якая ў якасьці валянтэра праводзіць з выхаванцамі трэнінгі і заняткі.

Вера Лабейка. Фота Галіны Васільевай

Стыгма – таўро, якое ставілі на целе рабоў ці злачынцаў у старажытнай Грэцыі. Цяпер тэрмін выкарыстоўваецца для маркіраваньня нейкай асаблівасьці, разьбежнай з агульнапрынятымі нормамі ці стэрэатыпамі, і таму – непажаданай.

“Часам гэтыя людзі аказваюцца зусім ізаляванымі і не атрымліваюць неабходнай падтрымкі. Вельмі часта  бывае, што вельмі  неабходныя акурат чалавечая ўвага і камунікацыя, своечасова працягнутая рука. Можаце ўявіць сабе, як нялёгка такім людзям жыць у нашым грамадзтве? – пытаецца Вера.

Пра сваіх выхаванцаў яна можа гаварыць доўга.

“На кулінарны дзень, на дні народзінаў мы зьбіраем, чыста сымбалічна, грошы. Дык вось больш сумленнага, больш пісьменнага, больш далікатнага бухгальтара я ў сваім жыцьці не бачыла. Усё адбываецца пад Вользіным кантролем. Ні разу такога не было, каб яна нас падвяла, – хваліцца псыхоляг.

Арт-тэрапія ад валянтэраў

У сваёй працы Вера не адна, на дапамогу да яе часам прыходзяць валянтэры – віцебскія студэнты. Яны таксама праводзяць у клюбе розныя заняткі і трэнінгі.

“Калі прыйшлі першы раз, дык троху баяліся, але перамаглі свой страх. А потым выказалі жаданьне наведаць нашых новых сяброў зноў, ужо асобна ад заняткаў, – кажа Маша, студэнта 3 курсу факультэту сацыяльнай пэдагогікі і псыхалёгіі ВДУ імя Машэрава.

Валянтэрка Маша зь сяброўкай

“Нам падабацца працаваць з гэтымі людзьмі. Але бывае і цяжкавата, бо вялікага досьведу ня маем, вывучалі збольшага тэорыю. Пачынаеш непакоіцца, калі яны, расказваючы пра нешта, раптам змаўкаюць, губляюцца. І ты баішся ім задаць пытаньне. Але з кожным разам атрымліваецца ўсё лягчэй, бо яны ўжо цябе ведаюць, і ты іх ужо ведаеш”, – дадае яе аднакурсьніца.

Яны разам прыйшлі ў бібліятэку, каб правесьці арт-тэрапію. На занятках з выхаванцамі малююць, лепяць фігуркі з плястыліну. Гэта мае дазволіць ім выказаць на сымбалічным узроўні самыя розныя пачуцьці і эмоцыі, а таксама – гарманізаваць псыхічны стан, спрыяць наладжваньню кантактаў і даверлівага дыялёгу.

Разьлічваць на сябе

Віцебскі клюбны дом “Крылы Надзеі” быў заснаваны 1 лютага 2017 як праект грамадзкай арганізацыі “Беларуская асацыяцыя сацыяльных работнікаў”. Першапачаткова фінансавую падтрымку праекту аказваў нямецкі фонд “Акцыя-Чалавек”. Зараз жа клюб ня мае яе. Дзяржава таксама не знаходзіць грошай для падтрымкі ініцыятывы. Застаецца разьлічваць толькі на свае сілы і ўвагу з боку неабыякавых людзей і  арганізацый.

Фота Андрэя Тавалжанскага

На сёньня партнэрамі клюбу выступаюць “VZAP”, установа «Vitebsk4me», Беларускае таварыства інвалідаў, Цэнтралізаваная бібліятэчная сыстэма ды іншыя арганізацыі.

У Віцебску на канец 2018 году налічвалася 13 467 чалавек з псыхічнымі захворваньнямі. Усяго ў Беларусі – каля 300 000 чалавек. Па сутнасьці, насельніцтва буйнога абласнога цэнтру.

Уладзімер Бяляўскі