У Віцебску гарадзкія ўлады адмовілі ў правядзеньні пікету 30 лістапада «За якасную мэдыцыну» ў горадзе. Заяўку 12 лістапада ў межах кампаніі «Народны кантроль» падалі прадстаўнікі «Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі». Афіцыйная прычына адмовы – адсутнасьць дамоваў з камунальнымі, мэдычнымі і праваахоўнымі службамі па забесьпячэньні прыборкі і аховы пікету.

Напярэдадні 5 лістапада, Сусьветнага дня “Станем за журналістыку”, група віцебскіх сябраў ГА “БАЖ” сфатаграфавалася на фоне будынку зь вядомым гарадзкім графіці – выявамі клетак, зь якіх вылятаюць зробленыя з газэты птушкі. Цяпер удзельнікаў фотасэсіі выклікаюць у Чыгуначны РАУС Віцебску, складаюць пратаколы за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі (арт. 23.34 КаАП) і зьбіраюцца судзіць. Эўрапейская фэдэрацыя журналістаў і яе сябра – ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” – лічаць абсурднымі выстаўленыя віцебскім калегам абвінавачаньні.

5 лістапада па ўсім сьвеце праходзілі акцыі салідарнасьці “Станем за журналістыку”. Яны ладзяцца з ініцыятывы Міжнароднай Фэдэрацыі Журналістаў (МФЖ) і прысьвечаныя барацьбе журналістаў за іхныя правы, супраць палітычнага і эканамічнага ціску на СМІ, фізычнага гвалту супраць журналістаў і складаных умоваў працы. Незалежныя журналісты зь Віцебску далучыліся да сусьветнай кампанію ў падтрымку свабоднай журналістыкі.

У Полацку, Воршы і Глыбокім мясцовыя актывісты адзначылі Дзяды. 1-2 лістапада яны адведалі памятныя мясьціны, прысьвечаныя ўшанаваньню ахвяр таталітарнага сталінскага рэжыму. Таксама прыбраліся на могілках і ўшанавалі словамі памяці грамадзкіх і палітычных дзеячаў ды незалежных журналістаў, якія адышлі ў іншы сьвет.

1 лістапада з нагоды восеньскіх Дзядоў па заведзенай традыцыі шэраг сяброў віцебскіх партыяў, грамадзкіх рухаў і журналістаў з ініцыятывы Барыса Хамайды наведалі грамадзкі мэмарыял Паляі і могілкі, на якіх пахаваныя віцебскія грамадзкія і партыйныя актывісты, якія адышлі ў вечнасьць.