Чацвер, 16 Красавік 2015

Актывістам Віцебску перашкодзілі ўсталяваць крыжы на месцы разрабаваных масавых пахаваньняў пад вёскай Хайсы

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

16 красавіка напярэдадні Радаўніцы на месцы меркаваных масавых забойстваў сталінскімі катамі беларускіх грамадзян у 1937-38 гадох у лесе пад вёскай Хайсы актывіст КХП-БНФ Ян Дзяржаўцаў са сваімі аднадумцамі меў намер прыбраць тэрыторыю і ўсталяваць ва ўшанаваньне памяці ахвяраў рэжыму крыжы. Зьдзейсьніць задуму перашкодзілі прадстаўнікі мясцовай улады і праваахоўных органаў.

 

Нпярэдадні дзеля выкладаньня сваёй пазыцыі спадар Ян адмыслова сустрэўся са старшынём Мазалаўскага сельскага савету Леанідам Дубінай. Падчас сустрэчы ён мусіў давесьці да старшыні інфармацыю наконт гэтай праблемы і ўзгадніць агульныя дзеяньні, скіраваныя на захаваньне гістарычнай памяці. Таксама ён спадзяваўся, што сельскі савет дасьць дазвол на ўпарадкаваньне тэрыторыі вакол раскапаных марадэрамі магілаў, ды паспрыяе ў выкананьні ўсіх фармальных акалічнасьцяў.

Але, як той казаў, паразуменьня дасягнуць не ўдалося. Спачатку кіраўнік заявіў, што гэта не ўваходзіць у ягоную кампэтэнцыю. А пасьля пераконваў у тым, што перш чым даць такі дазвол, ён мусіць пракансультавацца з ідэалягічным аддзелам райвыканкаму і ўзгадніць свае дзеяньні з вышэйшым кіраўніцтвам. Апроч таго, настойваў на тым, што знойдзеныя парэшткі могуць належыць каму заўгодна, пачынаючы ад ахвяраў фашызму і аж да грамадзян, расстраляных ужо ў пасьляваенны час па сьмяротным прысудзе – маўляў, ніхто ж ня ведае месцаў гэткіх пахаваньняў, нават сваякі. Расповеды ж сьведкаў зь вёсак Хайсы і Дрыкольле, на якія спасылаўся Ян Дзяржаўцаў, адмаўляліся і называліся фальсыфікацыяй.

Падалося, што грамадзкая ініцыятыва захраснула косткай горле прадстаўніка мясцовай улады. Сустрэча скончылася безвынікова, і Ян Дзяржаўцаў, улічваючы прамаруджваньне мэдычнай экспэртызы знойдзеных парэшткаў, якая цягнецца ўжо некалькі месяцаў, вырашыў усталяваць крыжы без дазволу.

Паводле Яна Дзяржаўцава, у яго склалася ўражаньне, нібыта ўлады адмыслова ня хочуць публічна прызнаваць факту існаваньня ў лесе пад вёскай Хайсы месца масавых расстрэлаў савецкіх грамадзян органамі НКУС у сярэдзіне трыццатых гадоў мінулага стагодзьдзя. Усталяваньне крыжоў, на думку актывіста, мусіла прыцягнуць увагу грамадзкасьці да месца масавых пахаваньняў незаконна рэпрэсаваных грамадзян.

Нягледзячы на дрэннае надвор’е, з раніцы актывісты рушылі ў бок вёскі Хайсы. На выезьдзе з гораду аўтамабіль, у якім знаходзіўся Ян Дзяржаўцаў, пачаў суправаджаць легкавік ДАІ. Пасьля таго, як машына з актывістамі спынілася, супрацоўнікі ДАІ запатрабавалі суправаджальныя дакумэнты на вырабленыя крыжы. Спадар Ян заявіў, што крыжы ён зрабіў сам, і таму ніякіх дакумэнтаў быць ня можа. Гэткі адказ даішнікаў не задаволіў, і вельмі хутка да іх пад’ехалі некалькі машын зь міліцыянтамі і людзьмі ў цывільным. На месца затрыманьня прыехаў таксама і старшыня Мазалаўскага сельсавету Леанід Дубіна разам з прадстаўніком лясгасу.

Звонку ўсе гэтыя дзеяньні нагадвалі загадзя сплянаваную апэрацыю з вонкавым назіраньнем, праслухоўваньнем тэлефонаў і іншымі атрыбутамі, вядомымі з дрэнных фільмаў адпаведнай тэматыкі, дзе ўвесь сюжэт сшыты белымі ніткамі, і зь лёгкасьцю прачытваецца фінал.

Яна Дзяржаўцава разам з кіроўцам даставілі ў РАУС Віцебскага раёну, дзе ўзялі пісьмовыя тлумачэньні па сутнасьці справы. Пратрымаўшы грамадзян у пастарунку блізу трох гадзін, міліцыянты заявілі, што зь іхняга боку да затрыманых няма аніякіх прэтэнзіяў, пасьля чаго адпусьцілі.

Віцебская вясна