Частку калекцыі Ігар Шуневіч, які цяпер з’яўляецца старшынём Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў , перадаў на захаванне ў Бягомльскі музей народнай славы. Паводле ягоных словаў, з тамтэйшых краёў паходзяць ягоная бабуля і ягоны бацька, якія перажылі нямецкую акупацыю. Да слова, музей у Бягомлі вядомы яшчэ і тым, што адзіны ў вобласці ладзіць Дзіцячыя партызанскія чытанні – конкурс школьных даследаванняў пра партызанскі рух у рэгіёне.
З Бегомля прыватны збор Шуневіча і прыехаў у Віцебск, дзе цяпер прэзентуецца як інтэрактыўная выстава агняпальнай зброі, якой карысталіся байцы Чырвонай Арміі падчас Вялікай Айчыннай вайны. Інтэрактыў заключаеца ў тым, што наведнікам прапануюць не толькі паглядзець, але і патрымаць у руках пісталет-кулямёт Шпагіна (так званы «ППШ»), вінтоўку сістэмы Мосіна, аўтамат Калашнікава, пісталеты «Вальтэр», «Наган» і «Маўзер». Дарэчы, гэтыя пісталеты былі на ўзбраенні не толькі ў чырвонаармейцаў: з іх у гады «сталінскага тэрору» расстрэльвалі мірных людзей, арыштаваных як «ворагаў народу». І сам Ігар Шуневіч 9 траўня 2015г. выходзіў на парад з нагоды Дня Перамогі ў форме супрацоўніка НКВД, патлумачыўшы, што гэты ўчынак – даніна памяці папярэднікам, якія «у гэтай форме абаранялі Радзіму» і «здзяйснялі подзвігі».
Станіслаў Іваноўскі