Аўторак, 02 Май 2023

Без чырвона-зялёнай бутаньеркі да конкурсу не дапусцяць

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

На Віцебшчыне з 5-га траўня распачынаецца «Абласны патрыятычны інтэрнэт-марафон #ПесниПобеды» - так называецца мерапрыемства, ініцыяванае абласным камітэтам БРСМ. Ахвотным ўзяць удзел прапанавана запісаць фрагмент музычнага выступу даўжынёй да 90 секунд, выканаўшы фрагмент песні пра перамогу або пра мір. Галоўная ўмова – каб удзельнікі абавязкова прычапілі да адзення бутаньерку «Кветкі Вялікай Перамогі», прычым ініцыятары конкурсу акцэнтуюць, што яна павінна размяшчацца «на грудзёх злева».

У такім выглядзе моладзі ад 14 да 31 году прапанавана не толькі зняцца ў відэароліку, але й размясціць яго ў перыяд да 9 траўня ў сацыяльных сетках, адзначыўшы акаўнт Віцебскай абласной арганізацыі БРСМ у Instagram і паставіць хэштэгі #ПесниПобеды, #Беларусьпомнит, #молодежьпомнит.

Бутаньерка «Кветкі Вялікай Перамогі», якая складаецца са стужкі ў колерах беларускага дзяржаўнага сцяга, кветкі яблыні і двух зялёных лісткоў, была прэзентавана ў 2015 годзе на 42-м з“ездзе БРСМ. З тае пары яе афіцыйна зрабілі сімвалам святкаванняў 9 траўня і 3 ліпеня: чырвона-зялёную кампазіцыю з белай кветкай змушаюць чапляць на форменнае адзенне не толькі ўдзельнікаў урачыстых дэманстрацый, але нават правадніц у цягніках і касірак у супермаркетах.

 Пра распаўсюд такіх бутаньерак вельмі негатыўна выказалася вядомая віцебская прыхільніца «русского мира» Эльвіра Мірсалімава. Яна заявіла, што чырвона-зялёныя бутаньеркі – гэта здрада ідэалам Перамогі, сапраўдным сімвалам якой з“яўляецца выключна «георгіеўская» стужка. Таксама яна ў адкрытую паведаміла, што перад 9 траўня і ў гэты дзень непасрэдна будзе распаўсюджваць іх у Віцебску асабіста.

Жанна Жалейка