Тое, што расстраляныя былі ахвярамі сталінізму, прызнала адмысловая камісія, у якую ўвайшлі пракурор, судовы эксперт, прадстаўнікі ваенкамату і міліцыі. Праўду пра расстрэлы пацвердзілі падчас апытанняў і мясцовыя жыхары.
У пачатку 1990-х да ўшанавання памяці ахвяраў сталінізму былі далучыліся нават аршанскія ўлады: з дазволу гарвыканкаму і пры ягоным садзеянні ў 1994 годзе на Кабыляцкай гары быў усталяваны помнік –валун з памятнай шыльдай. Аднак пасля прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі памінальная традыцыя была практычна забаронена, і клопат пра помнік на месцы расстрэлаў пад Воршай стаўся цалкам грамадскай справай. Штогод напярэдадні Дзядоў аршанцы ладзілі тут прыборку, ускладалі кветкі і запальвалі свечкі.
Пра гэтае месца расстрэлаў з цягам часу даведаўся шмат хто з нашчадкаў сталінскіх ахвяраў. Вакол помніка-валуна пачаў утварацца самаробны мемарыял: людзі ставілі крыжы і помнікі ў памяць пра загінулых родзічаў, знаёмых, аднавяскоўцаў. Сёння тут ёсць асобны помнік, усталяваны ў памяць пра расстраляных пад Воршай асобаў польскай нацыянальнасці, а на дрэвах у гэтым «расстрэльным лесе» можна ўбачыць некалькі дзясяткаў шыльдачак з імёнамі загінулых.
Некалькі гадоў таму была ўтворана грамадская ініцыятыва «Кабылякі. Расстраляныя ў Воршы», якая аб’яднала нашчадкаў ахвяраў сталінізму. Яны дамагліся, каб на помніку з’явілася новая шыльда замест ранейшых, знішчаных невядомымі вандаламі. На шыльдзе змешчаны надпіс на чатырох мовах: «Месца памяці і смутку».
Штогод напярэдадні Дзядоў і Радаўніцы сюды прыходзяць неабыякавыя людзі. Сёлета таксама тут зрабілі прыборку, усклалі кветкі і запалілі свечкі ў памяць пра ахвяраў камуністычнага тэрору.
Юрка Жмых