Заменіць пашкоджаны бюст дужа падобная да мінулай скульптурная выява. Яе збіраюцца «перасяліць» з былой тэрыторыя РАУС Кастрычніцкага раёну. Там бетонны бюст Леніна стаяў ва ўнутраным двары, адмежаваны ад мінакоў высокім плотам і калючым дротам. Цяпер, калі райаддзел міліцыі пераехаў у новы будынак на вул.Церашковай, былыя «міліцэйскія» памяшканні выстаўлены на продаж амаль за 3 мільёны беларускіх рублёў – гэта цэлы комплекс гістарычнай забудовы вуліцы Суворава (былой Узгорскай). Кошт бюсту Леніна ў ацэначную вартасць комплексу не ўвайшоў – яго аддалі на рэстаўрацыю.
Тое, што гэта не твор мастацтва, а «штампоўка» – тыповая для савецкіх часоў выява Леніна, цяперашнія ўлады ніколькі не бянтэжыць. Як і тое, што ва ўсім свеце, апрача Беларусі, імкнуцца пазбавіцца ад падобных скульптур або перадаць іх у спецыялізаваныя экспазіцыі. 7-га лістапада, да чарговых угодкаў Кастрычніцкай рэвалюцыі, бюст Леніна плануюць адкрыць ва ўрачыстай абстаноўцы з абавязковым удзелам чальцоў камуністычных партый, БРСМу і «Белай Русі».
Таццяна Віктарава