Па традыцыі, што склалася, мясцовыя ўлады правядзеньне такога кшталту акцыяў як правіла забараняюць. Звычайна пры гэтым яны спасылаюцца на невыкананьне заяўнікамі рашэньня гарвыканкаму «Аб правядзеньні масавых мерапрыемстваў у горадзе Віцебску», якое абавязвае арганізатараў мерапрыемстваў да заяваў на іх правядзеньне далучаць дамовы з прадпрыемствам «Віцебская гарадзкая ЖКГ», Упраўленьнем унутраных спраў і Віцебскай гарадзкой цэнтральнай паліклінікай. Каб выканаць рашэньне гарвыканкаму, Ян Дзяржаўцаў загадзя накіраваў у названыя ўстановы прапановы аб заключэньні дамоваў на абслугоўваньне шэсьця, але на гэтыя прапановы станоўча адказалі ня ўсе.
Дамовы ўдалося заключыць толькі з камунальнікамі. Прычым не з самім УКВП «Віцебская гарадзкая жыльлёва-камунальная гаспадарка», а зь яго даччынымі прадпрыемствамі – «Зелянгасам» і «Гардармостам». Міліцыянты і мэдыкі заключаць дамовы адмовіліся.
Галоўны лекар Віцебскай гарадзкой цэнтральнай паліклінікі Станіслаў Цітовіч спаслаўся на сэзонны ўздым захворваньняў і ўзрослую нагрузку на хуткую мэдычную дапамогу, таму, маўляў, заключэньне дамовы ў цяперашні час не ўяўляецца магчымым. Намесьнік начальніка міліцыі грамадзкай бясьпекі УУС Віцаблвыканкаму Ігар Скарыновіч пайшоў яшчэ далей: у сваім абгрунтаваньні незаключэньня дамовы ён напісаў, што нібыта маршрут вулічнага шэсьця супярэчыць патрабаваньням закону «Аб масавых мерапрыемствах». Такім чынам, міліцэйскі начальнік усклаў на сябе абавязкі выканаўчай улады – выканкаму. Менавіта апошні, прымаючы рашэньне пра дазвол ці забарону масавага мерапрыемства, а не міліцэйскі начальнік, павінен вызначаць, наколькі мерапрыемства адпавядае заканадаўству.
Прыйшлося партыйнаму актывісту да сваёй заявы ў гарвыканкам на правядзеньне акцыі прыкласьці дамовы толькі з камунальнікамі, а замест дамоваў зь лекарамі і міліцыянтамі – копіі адпісак іхных кіраўнікоў. Відавочна, Ян Дзяржаўцаў зрабіў усё, што было ў ягоных сілах, каб выканаць рашэньне гарвыканкаму аб працэдуры падачы заявак на масавыя мерапрыемствы. Неўзабаве даведаемся, ці будзе дадзены дазвол на правядзеньне імпрэзы, альбо ўлады ў чарговы раз забароняць акцыю, спасылаючыся на рашэньне гарвыканкаму № 881 «Аб масавых мерапрыемствах у горадзе Віцебску», якое на практыцы выканаць не магчыма.