Чацвер, 29 Жнівень 2013

Акцыя праваабаронцаў: Падпішы онлайн-пэтыцыю ў падтрымку доктара Ігара Пастнова

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Віцебскія праваабаронцы ладзяць акцыю ў інтэрнэце. Яны распачалі збор подпісаў пад пэтыцыяй з загалоўкам «Свабоду доктару-праўдалюбу Ігару Пастнову, гвалтоўна зьмешчанаму ў вар’ятню ў Беларусі». Усім ахвотным прапануецца падпісаць патрабаваньне на адрас міністра аховы здароўя Беларусі правесьці паўторную псыхіятрычную экспэртызу доктара Ігара Пастнова.

Калі незалежная экспэртная камісія прызнае памылковасьць высноў, зробленых псыхіятрамі – калегамі Пастнова, якія працавалі разам зь ім ў Віцебскай псыхлякарні, гэта стане падставай для зьмяненьня рашэньня суду аб прымусовай шпіталізацыі.

Праваабаронцы ўпэўненыя, што камісія псыхіятраў зь Віцебску ў вызначэньні стану і ацэнкі рызыкі, якую ён нібыта ўяўляе для сябе і навакольных, не маглі быць аб’ектыўнымі, бо на сваёй працы яны падпарадкоўваюцца галоўурачу Віцебскага абласнога клінічнага цэнтру псыхіятрыі і наркалёгіі Алене Мартынавай. Менавіта апошняя ініцыявала працэс зьмяшчэньня апальнага лекара ў вар’ятню. На падставе экспэртызы віцебскіх псыхіятраў, залежных ад Мартынавай, судом было прынятае рашэньне аб гвалтоўным лячэньні Пастнова.

Пэтыцыя апублікаваная на ангельскай і расейскай мовах. Мяркуецца, што пад ёй будуць падпісвацца як грамадзяне Беларусі, гэтак і жыхары ўсяго сьвету, неабыякавыя да праблемы захаваньня правоў чалавека. Усяго мяркуецца сабраць 50 тысяч подпісаў.

Фармальна аўтарам пэтыцыі зьяўляецца праваабаронца Пётар Іваноў. Але насамрэч за ініцытывай стаіць праваабарончая супольнасьць Віцебску. Старонка пэтыцыі з онлайн-формай для подпісу знаходзіцца тут. Арганізатары акцыі спадзяюцца, што іх пэтыцыю будуць ня толькі падпісваць, але і актыўна распаўсюджваць інфармацыю пра яе сярод сваіх сяброў, знаёмцаў і праз сацыяльныя сеткі.