Серада, 19 Люты 2014

Віцебскія актывісты КХП БНФ – за байкот мясцовых выбараў

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Ян Дзяржаўцаў Ян Дзяржаўцаў

Актывісты Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Ян Дзяржаўцаў, Алег Емельянаў і Пётра Сарапеня падалі ў адміністрацыю Кастрычніцкага раёну Віцебску заяўку на правядзеньне 5 сакавіка пікету. Мэта меркаванай акцыі, як пазначана ў заяўцы, – «агітацыя выбаршчыкаў за актыўны байкот выбараў, якія арганізаваныя нелегітымным прарасейскім палітычным рэжымам».

Пікет за байкот мусіць адбыцца ў месцы, адмыслова адведзеным гарадзкімі ўладамі Віцебску пад масавыя акцыі. Аднак шанцы, што ўлады дазволяць мерапрыемства, – мінімальныя. Бо ў горадзе дзейнічае рашэньне гарвыканкаму №881 «Аб масавых мерапрыемствах у г. Віцебску», якое патрабуе ад арганізатараў вулічных акцыяў перад падачай заявак на іх правядзеньне заключыць дамовы на абслугоўваньне гэтых акцыяў мэдыкамі, міліцыянтамі і камунальнікамі.

Пакуль яшчэ не было ніводнага выпадку, каб камусьці з апазыцыянэраў удалося выканаць умовы рашэньня №881, – згаданыя ў рашэньні службы ўсяляк ухіляюцца ад заключэньня неабходных дамоваў. Улічваючы гэта, заяўнікі пікету за байкот просяць улады пры разглядзе іх заяўкі прытрымлівацца непасрэдна закону «Аб масавых мерапрыемстваx», не зважаючы на рашэньне №881, якое, як яны пішуць у заяўцы, «не адпавядае Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, пазбаўляе магчымасьцяў рэалізаваць грамадзянам краіны права на свабоду публічнага выказваньня сваіх думак і права на свабоду мірных сходаў».