Акцыя ў падтрымку незалежнасьці Беларусі адбылася ў Віцебску 29 сьнежня 2019 году. Цяпер на ўдзельнікаў пікету складаюць адміністрацыйныя пратаколы паводле арт. 23.34 (парушэньне парадку арганізацыі альбо правядзеньня масавых мерапрыемстваў). Даты некалькіх судоў ужо вядомыя.

Блогер Дзьмітрый Казлоў, вядомы як «Шэры Кот», адбыў ужо 15 сутак у аршанскім ІЧУ, але 9 студзеня на волю так і ня выйшаў. Паводле інфармацыі, якую атрымалі актывісты «Эўрапейскай Беларусі», за блогерам лічыцца яшчэ адна пастанова аб арышце.

У Чыгуначным судзе Віцебску 9 студзеня судзьдзя Юры Урбан палічыў даказаным факт адміністрацыйнага правапарушэньня, у якім абвінавачвалі Барыса Хамайду. Выйшаўшы на адзіночны пікет, грамадзкі актывіст парушыў парадак арганізацыі і правядзеньня масавых мерапрыемстваў (ч.1 арт. 23.34 КаАП). Штраф – 30 базавых велічыняў.

Суд Першамайскага раёну Віцебску разгледзеў 9 студзеня дзьве адміністрацыйныя справы, распачатыя супраць актывісткі Тацяны Севярынец за ўдзел у акцыях ў Менску 20 і 21 сьнежня. Нягледзячы на тое, што самой актывісткі на паседжаньні не было, суд прызнаў яе вінаватай у правапарушэньні паводле арт. 23.34 і аштрафаваў на 60 базавых велічынь (па 30 б.в за кожную акцыю).

У Віцебскім абласным судзе 8 студзеня незалежныя журналісты Зьміцер Лупач і Алена Шабуня спрабавалі абскардзіць рашэньне суду Віцебскага раёну ад 12 сьнежня, паводле якога яны былі прызнаныя вінаватымі ў «незаконным вырабе і распаўсюдзе прадукцыі СМІ» (арт. 22.9 КаАП РБ) і аштрафаваныя.