Аўторак, 04 Люты 2025

У Віцебску зноў судзяць Надзею Куканос

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

4 лютага ў судзе Кастрычніцкага раёна Віцебска за «распаўсюд экстрэмізму» судзяць 64-гадовую мясцовую актывістку. Адміністратыўную справу, распачатую супраць Надзеі Куканос паводле ч.2 арт. 19.11 КаАП разбірае суддзя Ганна Кот. Гэтую неабыякавую жанчыну многія віцябляне памятаюць па ранейшых падзеях: яна заўсёды востра рэагавала на несправядлівасць, і таму не бянтэжылася скардзіцца на парушэнні ў дзейнасці дзяржаўных структур і кіраўнікоў любога рангу.

Паводле ч.2 арт. 19.11 КаАП Надзею Куканос мінулым разам судзілі ў 2023 г., прычым справу разбіралі ў яе адсутнасць. Але спробы абскардзіць прысуджанае пакаранне – 15 сутак арышту – нічога не далі: абласны суд пацвердзіў справядлівасць рашэння суду першай інстанцыі.

У 2019 годзе супраць Надзеі Куканос былі распачатыя тры крымінальныя справы па ч.2 арт.400 (Загадзя ілжывы данос аб учыненні злачынства), якія пазней былі аб'яднаныя ў адно справаводзтва. Актывістцы пагражала да 5 гадоў зьняволення. Яе затрымалі 11 красавіка 2019 года на чыгуначным вакзале ў Віцебску і змясцілі ў СІЗА-2. Вядома, што са следчыгы ізалятара прымусова дастаўлялі ў цэнтар псіхічнага здароўя ў Навінках для правядзення судова-псіхіятрычнай экспэртызы.

Жанчына не зламалася: яна патрабавала для сябе змянення меры стрымання, двойчы абвяшчала галадоўку ў віцебскім СІЗА на знак пратэсту супраць несправядлівага абвінавачання і невыносных умоваў у гэтай установе. 75 сутак Надзея Куканос правяла ў карцэры. Меру стрымання для яе так і не змянілі, але паабяцалі, што яна выйдзе на волю па амністыі.

Так і сталася: паводле рашэння суда Першамайскага раёну Віцебска 9 жніўня 2019 года яе вызвалілі па амністыі проста ў судовай залі. На той момант Куканос адбыла за кратамі амаль чатыры месяцы. Але жанчына пайшла на прынцып: вырашыла дамагчыся прызнання сваёй невінаватасці. Яна абскардзіла судовую пастанову, папрасіла адмяніць ужытую да яе амністыю ды накіраваць справу на новы разгляд. Праваабаронцы зафіксавалі, што гэта быў першы падобны выпадак за апошнія гады.

Уладзімір Кукаль