Панядзелак, 03 Люты 2025

За «незаконнае пікетаванне» асудзілі журналіста і актывіста Андрэя Буку

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Судовы працэс прайшоў 3-га лютага ў судзе Шаркоўшчынскага раёна. Адміністрацыйны пратакол, складзены на Андрэя Буку паводле ч.3 арт. 24.23 КаАП, разглядала суддзя Аксана Табола. Прымяненне ч. 3 азначае, што падсудны цягам года здзейсніў падобнае правапарушэнне паўторна.

Калі казаць дакладна, то за «незаконнае пікетаванне» Андрэя Буку апошні раз судзілі 28 кастрычніка мінулага года. Тады ён быў асуджаны да арышту на 5 сутак, але адбываць пакаранне адразу пасля суду актывіста не забралі.

У сакавіку 2023 года Буку судзілі паводле артыкула 19.10 КаАП (Прапаганда або публічнае дэманстраванне, выраб, распаўсюджванне нацысцкай сімволікі або атрыбутыкі) за аватарку з бел-чырвона-белым сцягам у сацыяльнай сетцы “Фэйсбук”. Тая ж суддзя Аксана Табола пакарала мужчыну штрафам памерам 30 базавых велічыняў ( на той час 1 110 рублёў). Перад тым у шаркоўшчынскага актывіста правялі ператрус і забралі ноўтбук.

15 траўня 2024 года суд Кастрычніцкага раёна Віцебска прызнаў «экстрэмісцкай» інфармацыйнай прадукцыяй змест Тэлеграм-канала Андрэя Букі «Думкі ўслых».

Сяргей Муран