Жонку Генадзя супрацоўнікі міліцыі забралі з працы і прывезлі дахаты, каб правесці ператрус. Праз кароткі час дадому вярнуўся гаспадар і абурыўся падазрэннямі, якія супраць яго высунулі. У Полацкі ГАУС забралі абодвух, але жонку пазней адпусцілі, а Генадзь Берданеў застаецца за кратамі. Пакуль суду над ім не было, і ў чым яго вінавацяць, яшчэ не вядома.
Прадпрымальніцу Таццяну Шостак асудзілі на 30 сутак арышту, па якім артыкуле, таксама застаецца невядомым. Падчас ператрусу міліцыянты канфіскавалі ў яе ўсе дакументы з калектыўным зваротам ад прадпрымальнікаў, які яна планавала перадаць старшыні Наваполацкага райвыканкаму Дзмітрыю Дзямідаву, а таксама асабісты тэлефон жанчыны.
Генадзь Берданеў не першы раз трапляе за краты праз неабыякавасць да праблем прадпрымальнікаў рэгіёну. Яго затрымлівалі за падтрымку прадпрымальніцкіх пратэстаў і ў 2015-м, і ў 2017-м годзе, прычым тым разам яго вінавацілі за абразу Аляксандра Лукашэнкі. Аднак справу спынілі за недаказанасцю. У верасні 2020-го году Берданева спярша асудзілі да штрафу, а потым, у лістападзе, ужо пакаралі арыштам на 7 сутак па адным і тым самым адміністрацыйным артыкуле – «за удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве». У верасні 2021-га году суд Полацку і Полацкага раёну пакараў Берданева 10-цю суткамі адміністрацыйнага арышту за рэпосты ў сацсетцы «Аднакласнікі» матэрыялаў з так званых «экстрэмісцкіх сайтаў».
Міхась Хмара